МЭН (Maine),

штат на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША, у Новай Англіі, каля мяжы з Канадай. Пл. 86 тыс. км2. Нас. 1242 тыс. чал., у т.л. гарадскога каля 80% (1997). Адм. цэнтр — г. Агаста; найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Портленд. Б. ч. тэрыторыі занята адгор’ямі Апалачаў (выш. да 1606 м). Клімат умераны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы каля 5 °C, ліп. 15—18 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Больш за 50% тэр. ўкрыта хвойнымі лясамі. Шмат азёр і парожыстых рэк. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 млн. га. Найб. развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. М. займае 1-е месца ў ЗША па зборах бульбы. Агародніцтва і садоўніцтва. Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт·гадз (1997). Лесанарыхтоўкі (хвоя, елка, піхта), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Здабыча пяску, жвіру, буд. каменю, торфу, цэм. сыравіны. Развіты суднабудаванне, гарбарна-абутковая, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць тэкст. і абутковых машын. Рыбалоўства і рыбакансервавая прам-сць, аквакультура. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)