Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«МИ́НСКИЙ МЕРИДИА́Н»,

штотыднёвая гарадская грамадска-інфарм. газета. Выходзіць з ліп. 1991 у Мінску на рус. мове. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культ. жыцця бел. сталіцы і Кастрычніцкага р-на г. Мінска. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «За словам — справа!», «На скрыжаванні», «Зорны праспект», «Культурная хроніка», «Маленькая краіна», «Урач дае параду» і інш. Пры рэдакцыі створаны клуб «Чарадзей і К°».

М.​І.​Барысенка.

т. 10, с. 455

«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,

што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ. буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.

Літ.:

Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 455

«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,

штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ва ўнутр. спраў і асабіста П.​А.​Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел. нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.​Купалу, Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел. нац. культуры. Абвінавачвала рус. дэмакр. прэсу, творчасць М.​Горкага, Л.​Андрэева, Ф.​Салагуба, А.​Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 457

«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.​Андрэева, М.​Арцыбашава, С.​Гарадзецкага, М.​Гумілёва, М.​Горкага, А.​Каменскага, Я.​Купалу, Л.​Талстога, П.​Чайкоўскага, А.​Чэхава), а таксама замежных (М.​Метэрлінка, Ю.​Славацкага), пра юбілеі М.​Гогаля, І.​Тургенева.

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 458

«МИНЧА́НИН»,

штотыднёвая літ. і грамадска-паліт. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выходзіла з 30.11(13.12) да 28.12.1913 (10.1.1914) у Мінску на рус. мове. Арыентавалася на асветніцкія ідэі, добры густ і здаровы сэнс, імкнулася пазбягаць «партыйных і нацыяналістычных тэндэнцый». У серыі нарысаў, артыкулаў і літ. аглядаў крытыкавала бездухоўнасць, дэгуманізацыю масавай культуры і грамадскага побыту, адзначала крызіс рэліг., эстэт., маральных і інш. духоўных каштоўнасцей. Сцвярджала думку (А.​Чорнабародаў, І.​Бялоў), што тэхн. прагрэс пач. 20 ст. прывёў да крызісу культуры, які выявіўся ў выцясненні высокага мастацтва масавай культурай, у дэвальвацыі рэлігіі, філасофіі, хрысц. гуманізму, у перамозе прагматызму і утылітарызму над духоўнасцю. Выступала з крытыкай мадэрнісцкіх і натуралістычных плыней у мастацтве. Змяшчала асобныя маст. творы.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 459