«МИНЧА́НИН»,
штотыднёвая літ. і грамадска-паліт. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выходзіла з 30.11(13.12) да 28.12.1913 (10.1.1914) у Мінску на рус. мове. Арыентавалася на асветніцкія ідэі, добры густ і здаровы сэнс, імкнулася пазбягаць «партыйных і нацыяналістычных тэндэнцый». У серыі нарысаў, артыкулаў і літ. аглядаў крытыкавала бездухоўнасць, дэгуманізацыю масавай культуры і грамадскага побыту, адзначала крызіс рэліг., эстэт., маральных і інш. духоўных каштоўнасцей. Сцвярджала думку (А.Чорнабародаў, І.Бялоў), што тэхн. прагрэс пач. 20 ст. прывёў да крызісу культуры, які выявіўся ў выцясненні высокага мастацтва масавай культурай, у дэвальвацыі рэлігіі, філасофіі, хрысц. гуманізму, у перамозе прагматызму і утылітарызму над духоўнасцю. Выступала з крытыкай мадэрнісцкіх і натуралістычных плыней у мастацтве. Змяшчала асобныя маст. творы.
У.М.Конан.
т. 10, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)