«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел. нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
У.М.Конан.
т. 10, с. 424
«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 428
«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.А.Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.С.Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.А.Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х.Татура, 1891—92, і інш.].
Літ.:
Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.
Я.С.Умецкая.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ЕЖЕДНЕ́ВНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штодзённая паліт., эканам. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).1 да 16(29).6.1912 у Мінску на рус. мове. Абвясціла сябе «незалежнай» газетай. Працягвала праграму газ. «Минские ведомости». Выступала супраць рэв. руху, бальшавікоў. Прапагандавала сталыпінскую агр. палітыку. Надрукавала юбілейныя артыкулы пра А.Герцэна, І.Ганчарова, у якіх падкрэслівала іх рускі патрыятызм, але пазбягала асвятлення рэв.-дэмакр. ідэалогіі, прынцыпаў крытычнага рэалізму. З «ахоўніцкіх» пазіцый крытыкавала творчасць М.Арцыбашава, Н.Вярбіцкай і інш. прадстаўнікоў натуралізму і мадэрнізму, прылічвала да гэтых кірункаў пісьменнікаў-рэалістаў М.Горкага, Л.Андрэева, А.Купрына, проціпастаўляла ім творчасць А.Пушкіна, І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага. Пераўтворана ў газ. «Минское русское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
«МИ́НСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
часопіс Мінскай праваслаўнай епархіі. Выдаваўся ў 1869—1917 у Мінску на рус. мове 2 разы на месяц (у 1871—72 штотыднёва). Меў афіц. і неафіц. часткі. У афіц. частцы змяшчаліся паведамленні аб рабоце Сінода, распараджэнні па епархіі, справаздачы епархіяльнага кіраўніцтва аб рабоце сваіх структур, жыцці манастыроў і царк. прыходаў, некралогі. У неафіц. публікаваліся творы дзеячаў правасл. царквы, артыкулы па царк. гісторыі і археалогіі, паведамленні пра дзейнасць царк. брацтваў і сястрынстваў, духоўных асветных і дабрачынных устаноў. Вял. ўвага надавалася місіянерскай дзейнасці сярод старавераў і сектантаў, змяшчалася рэклама пра новыя кнігі, работу рэстаўрацыйных майстэрняў. У 1989 выданне адноўлена.
Л.У.Салодкіна.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ. «Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел. культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.Багдановіча «Мая душа», Я.Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ. «Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц. прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ КУРЬЕ́Р»,
штодзённая «беспартыйная» газета ліберальна-бурж. антысав. кірунку. Выдавалася з 26.8.1919 да ліп. 1920 у Мінску на рус. мове з дазволу польск. акупац. улад. Арыентавалася на дапамогу польск. легіёнаў у вызваленні Расіі ад бальшавіцкай улады. Заклікала падтрымаць Польшчу, Калчака, Дзянікіна ў іх барацьбе супраць Сав. Расіі, асуджала тэрор бальшавікоў супраць сваіх паліт. праціўнікаў, крытыкавала краіны Антанты за курс на прымірэнне з бальшавіцкім рэжымам. Шмат увагі аддавала мясц. сац.-эканам. праблемам, змяшчала інфармацыю пра тэатр. спектаклі, арганізацыю бел. школ, падтрымлівала кантакты з лідэрамі правых плыней бел. нац. руху (П.Алексюком і інш.). Апублікавала зварот Ю.Пілсудскага «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» і каментарыі да яго ген. камісара Усх. зямель Г.Асмалоўскага, раман А.Юнашы (Гзоўскага) «Аляксандр Мяснікянц» (пра сав. камісара А.Мяснікова), друкавала нарысы Д.Бохана, вершы З.Гіпіус, артыкулы і нарысы інш. мясц. журналістаў і літаратараў.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455
«МИ́НСКИЙ ЛИСТО́К»,
першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выходзіла з 2(14).4.1886 да 31.10(13.11).1902 у Мінску на рус. мове 2—3 разы на тыдзень. Кіраўнікі газеты дапускалі памяркоўную апазіцыю да царызму, некат. з іх прытрымліваліся больш радыкальных народніцкіх поглядаў, за што газета мела адм. спагнанні, а з 27.2.1897 яе выхад прыпынены на 8 месяцаў. Асвятляла мясц. жыццё, падзеі ў краіне і за мяжой, сац.-эканам. становішча сялян і гар. жыхароў, дзейнасць грамадскіх дэмакр. арг-цый. Змяшчала агляды рас. кніг і часопісаў прагрэс. кірунку, прапагандавала дэмакр. і рэалістычныя традыцыі рус. л-ры і маст. культуры, памяркоўна крытыкавала мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі. У пэўнай ступені падтрымлівала развіццё бел. мовы (7.3.1893) і л-ры (рэцэнзія на бел. пераклад апавядання У.Гаршына «Сігнал», 9.4.1891), друкавала творы Я.Лучыны, К.Каганца, мясц. літаратараў Д.Бохана, А.Бярозы, Р.Цягло, А.Шункевіча (Марозіка), бел. народныя песні, казкі, легенды. Упершыню апубл. ананімную паэму «Тарас на Парнасе» (16.5.1889, пад назвай «Тарас»). Змяшчала краязнаўчыя і этнагр. даследаванні А.Багдановіча (19.8, 18.11 і 5.12.1886), А.Слупскага (5.5.1895), М.Доўнар-Запольскага (пра Ф.Скарыну, 27.12.1886), рэцэнзіі на фальклорна-этнагр. зборнікі Е.Раманава (21.4.1887) і П.Шэйна (8.9.1887). Знаёміла з мясц. выстаўкамі выяўл. мастацтва, асвятляла работу Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, тэатр. і муз. жыццё, маст. самадзейнасць горада. З 1888 выдавала неперыядычны навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-Западный календарь». Пераўтворана ў газ. «Северо-Западный край».
Літ.:
Федорова Т.Н. Общественнополитическая мысль в Белоруссии и «Минский листок» (1886—1902 гг.). Мн., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 212—230;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 408—425.
У.М.Конан.
т. 10, с. 455