ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
ЛЕЎ XIII [Leo; свецкае Печы (Рессі) Вінчэнца Джаакіна; 2.3.1810, Карпінета-Рамана, Італія — 20.7.1903],
папа рымскі [1878—1903]. З 1846 архіепіскап, з 1853 кардынал. У сваёй першай энцыкліцы выклаў праграму прымірэння царквы з сучаснай цывілізацыяй. Спрыяў завяршэнню Культуркампфа ў Германіі, нармалізаваў адносіны з Бельгіяй, Расіяй, Японіяй. Паўплываў на адраджэнне тамізму, заклікаючы вывучаць філас. сістэму Фамы Аквінскага. Спрыяў развіццю біблеістыкі, у т.л. стварэнню Папскай біблейскай камісіі (1902). Рашуча выступіў супраць масонства, лічыў, што яно супярэчыць каталіцызму. Ініцыіраваў стварэнне каталіцкага грамадска-паліт. руху хрысц. дэмакратаў. У энцыкліцы «Rerum novarum» («Пра новыя рэчы», 1891) крытыкаваў лібералізм і палемізаваў з сацыялізмам, дамагаўся захавання натуральных чалавечых правоў рабочых. У 1881 дазволіў частковае выкарыстанне архіваў Ватыкана ў навук. мэтах.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224