КСЕНАФО́НТАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 22.6.1942, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1964). З 1963 у БДУ. З 1972 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Даследаваў спектральна-структурныя ўласцівасці складаных фенольных злучэнняў, распрацаваў фіз. мадэль механізма пераносу зараду ў палімерах са спалучанымі сувязямі.
Тв.:
Спектроскопические свойства и структурные особенности продуктов физико-химических превращений диоксибензолов // Журн. прикладной спектроскопии. 1993. Т. 58, № 1—2.
т. 8, с. 543
КСЕ́НІІ (грэч. xenia гасціннасць ад xenos госць, чужы),
уплыў пылку вышэйшых кветкавых раслін на адзнакі эднасперму расліны, што апыляецца. Залежыць ад падвойнага апладнення. У выніку насенне або плады адрозніваюцца ад інш. насення ці пладоў той жа расліны афарбоўкай, велічынёй, формай (напр., наяўнасць зерня рознай афарбоўкі ў адным катаху кукурузы).
т. 8, с. 543
КСЕНО́Н (лац. Xenon),
Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб. колькасць (у % па аб’ёме): 129Хе (26,44%), 131Xe (21,18%), 132Хе (26,89%). У атмасферы 0,8610−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл. Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш. хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.
т. 8, с. 543
КСЕРАГРА́ФІЯ (ад грэч. xēros сухі + ...графія),
спосаб аператыўнага капіравання дакументаў у чорна-белым і каляровым відарысе метадамі, заснаванымі на паверхневай электрызацыі паўправадніковых фотаправодных слаёў.
Вынайдзены Ч.Карлсанам (1938, ЗША). Гл. Электрафатагарафія.
т. 8, с. 543
КСЕРАДЭ́РМА (ад грэч. xēros сухі + derma скура),
тое, што іхтыёз.
т. 8, с. 543
КСЕ́РАКС,
разнавіднасць размнажальнага апарата, што выкарыстоўвае метад ксераграфіі для вырабу ксеракопій; адзін са сродкаў капіравальна-размнажальнай тэхнікі.
т. 8, с. 543
КСЕРАМАРФІ́ЗМ [ад грэч. xēros сухі + ...марф(а)],
сукупнасць анатама-марфал. асаблівасцей раслін, якія прыстасаваліся да недахопу вады. Выражаецца ў памяншэнні памераў лісця, клетак, павелічэнні колькасці клетак, вусцейкаў, сеткі жылак (абумоўлівае павышэнне засухаўстойлівасці). Тоўстая кутыкула і апушэнне паніжаюць транспірацыю. К. найбольш выражаны ў лісці верхніх ярусаў у сувязі з недастатковым водазабеспячэннем.
т. 8, с. 543
КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),
паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш. Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс. га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.
т. 8, с. 543
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
т. 8, с. 543
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл. Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).
т. 8, с. 543