КСЕРАТЫЗА́ЦЫЯ (франц. xérotisation ад грэч. xēros сухі),

паступовае памяншэнне ступені ўвільгатнення глебы і агульнае нарастанне сухасці ў экасістэмах, ландшафтах і інш. Прычыны — уздзеянне чалавека на глебавае покрыва (абязлесенне тэрыторый, адпампоўванне падземных вод для прамысл. мэт, знішчэнне расліннасці, утварэнне рухомых пяскоў на пашах і інш.). Прычынамі К. сушы могуць быць і прыродныя з’явы, напр., агульнае падняцце раўнінных і інш. участкаў паверхні Зямлі, змена напрамку руху паветраных патокаў (антыцыклонаў, цыклонаў, мусонаў), цыклічныя Змены клімату, абумоўленыя сонечнай актыўнасцю. К. вядзе да змяншэння біял. прадуктыўнасці экасістэм, астэпавання і апустыньвання тэрыторый, перавагі ў фітацэнозах ксерафітаў і інш. Напр., пл. Сахары павялічваецца штогод на 100 тыс. га. Працэсы К. абарачальныя пры ажыццяўленні прыродаахоўных мерапрыемстваў: полеахоўнага лесаразвядзення, павышэння ўрадлівасці глебы, падтрымання воднага балансу ў глебах, арашэння і абваднення, глебаахоўнай агратэхнікі і інш.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)