КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)