Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕЛЕ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Kieleckie),

былая адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. З 1999 тэр. ў складзе Свентакшыскага ваяводства.

т. 8, с. 223

КЕЛІМА́НЕ (Quelimane),

горад на У Мазамбіка. Адм. ц. прав. Замбезія. Засн. ў 1544 партугальцамі. 146 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аэрапорт. Порт на беразе Мазамбікскага прал. Індыйскага ак. (вываз цукру, сізалю, бавоўны, копры, тытуню, чаю). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., дрэваапр., металаапрацоўчая. У 18—19 ст. — адзін з цэнтраў гандлю рабамі.

т. 8, с. 223

КЕ́ЛЛЯ (ад лац. cella пакой),

асобны пакой або асобнае жыллё манаха, манашкі ў манастыры.

т. 8, с. 223

КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),

пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.У.Руцкі.

т. 8, с. 223

КЕ́ЛЬВІН,

адзінка тэрмадынамічнай т-ры, роўная 1/273,16 часткі тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады; адна з асн. адзінак СІ. Абазначаецца К; да 1968 наз. градус Кельвіна (°К). 1 К = 1 °C. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна). Выкарыстоўваецца як адзінка Міжнар. практычнай тэмпературнай шкалы.

т. 8, с. 223

КЕ́ЛЬВІНА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

залежнасць ціску насычанай пары над вадкасцю або крышталём ад крывізны іх паверхні (г.зн. ад памераў малых кропель вадкасці, пузыркоў, крышталікаў). Выведзена У.Томсанам (лордам Кельвінам) у 1871 з умовы роўнасці хім. патэнцыялаў у сумежных фазах, што знаходзяцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.

Пры т-ры T у раўнаважных умовах p p0 exp ( 2σV rRT ) = c c0 , дзе r — сярэдні радыус крывізны паверхні раздзелу фаз, p — ціск насычанай пары над сферычнай паверхняй, p0 — ціск пары над плоскай паверхняй, c і c0 — адпаведныя растваральнасці, σ — міжфазавае паверхневае нацяжэнне, V — малярны аб’ём кандэнсаванай фазы, R — універсальная газавая пастаянная. З К.ў. вынікае, што ціск над часцінкамі малых памераў павышаны, а ў малых пузырках або над увагнутай паверхняй паніжаны ў параўнанні з ціскам насычанай пары над плоскай паверхняй. Адпаведна растваральнасць малых кропель або крышталёў большая за растваральнасць буйных.

А.І.Болсун.

т. 8, с. 223

КЕ́ЛЬВІНА ШКАЛА́,

пашыраная назва тэрмадынамічнай тэмпературнай шкалы. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна), які ў 1848 прапанаваў прынцып пабудовы гэтай шкалы.

К. ш. — абс. шкала т-р, якая не залежыць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага рэчыва. Пачаткам адліку мае абсалютны нуль. Пабудавана на аснове другога закону тэрмадынамікі, у прыватнасці на незалежнасці ккдз Карно цыкла ад прыроды рабочага цела. Адзінка т-ры — кельвін (К), вызначаецца як 1/273,16 частка тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады. Гл. таксама Абсалютная тэмпература.

т. 8, с. 223

КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),

аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».

т. 8, с. 224

КЕ́ЛЬНЕР (ням. Kellner),

афіцыянт, слуга рэстарана, піўной, гасцініцы ў заходнееўрап. краінах, у прыватнасці ў нямецкамоўных (Германія, Швейцарыя і інш.).

т. 8, с. 224

КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),

старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс. н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э.пач. 1-га тыс. н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Да арт. Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.

т. 8, с. 224