КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,
княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.
В.Л.Насевіч.
т. 8, с. 221
КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.
Літ.:
Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.
т. 8, с. 221