Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,

запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс. га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎ (Баніфацій Міхайлавіч) (10.12.1903, г. Яраслаўль, Расія — 10.9.1985),

савецкі філосаф, гісторык навукі, хімік. Акад. АН СССР (1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Ін-т чырвонай прафесуры (1932). Працаваў у ЦК КПСС, Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, Ін-це прыродазнаўства і тэхнікі (з 1962 дырэктар) і Ін-це філасофіі АН СССР (у 1973—74 дырэктар), Маскоўскім ун-це, гал. рэдактарам час. «Вопросы философии» (1947—49). Даследаваў праблемы матэрыяліст. дыялектыкі, псіхалогіі, логікі, метадалогіі навук. творчасці, філас. пытанні прыродазнаўства, навуказнаўства і інш.

Тв.:

Единство диалектики, логики и теории познания. М., 1963;

Ленин и научные революции. Естествознание. Физика. М., 1980;

Науки в их взаимосвязи: История. Теория. Практика. М., 1988 (у сааўт.);

Проблемы логики и методологии науки: Избр. тр. М., 1990.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (2.1.1894, Масква — 22.3.1972),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Вольных маст. майстэрнях. З 1922 у 2-й Студыі МХАТ, з 1924 у МХАТ, у 1946—55 гал. рэжысёр. Як акцёр вылучаецца здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, пластычнай выразнасцю формы: Манілаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Сінь Бін-у («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава) і інш. Як рэжысёр і педагог развіваў традыцыі рэжысуры К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. Сярод пастановак: «У людзях» М.​Горкага (1933), «Глыбокая разведка» А.​Крона (1943), «Плён асветы» Л.​Талстога (1951), «Рэвізор» Гогаля (1967). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1952.

Б.М.Кедраў.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎКА,

птушка, гл. Арэхаўка.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎ-ЗІ́ХМАН (Аскар Аскаравіч) (4.8.1920, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 17.9.1991),

бел. вучоны-генетык. Д-р біял. н. (1979). Сын А.К.Кедрава-Зіхмана. Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1953). З 1955 працаваў у Цэнтр. бат. садзе, з 1960 у Ін-це генетыкі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні працэсаў і з’яў у папуляцыях перакрыжаванаапыляльных раслін. Распрацаваў на аснове палікрос-тэста новыя падыходы і прыёмы селекцыі азімага жыта, стварыў поўную серыю трысомікаў азімага жыта.

Тв.:

Генетические основы селекции гетерозисных популяций. Мн., 1971 (у сааўт.);

Поликросс-тест в селекции растений. Мн., 1974;

Получение и использование трисомиков озимой ржи. Мн., 1979 (разам з Т.​С.​Шылко).

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎ-ЗІ́ХМАН (Аскар Карлавіч) (31.12.1885, Рыга — 12.2.1964),

бел. вучоны-аграхімік. Акад. АН Беларусі (1931), акад. УАСГНІЛ (1935), акад. Акадэміі с.-г. н. Беларусі (1957—61). Д-р с.-г. н. (1934), д-р хім. н. (1936), праф. (1927). Засл. дз. нав. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1921 заг. кафедры БСГА, у 1930—41 у Маскоўскай с.-г. акадэміі. У 1940—41, 1945—46 акад.-сакратар Аддзялення прыродазнаўчых і с.-г. навук АН Беларусі. Адначасова ў 1931—63 ва Усесаюзным НДІ угнаенняў і аграглебазнаўства. Навук. працы па вапнаванні кіслых глеб, вывучэнні ролі магнію ў вапнавых угнаеннях, уплыве вапны на біял. якасці насення, ужыванні мікраэлементаў пры вапнаванні глеб.

Тв.:

Вапнаванне глебаў БССР. Мн., 1951;

Известкование почв и применение микроэлементов. М., 1957;

Основные вопросы известкования дерново-подзолистых почв Советского Союза. М., 1957.

А.К.Кедраў-Зіхман.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРЫН (Дзмітрый Барысавіч) (4.2.1907, пас. Шчаглоўка Данецкай вобл., Украіна — 18.9.1945),

рускі паэт. Друкаваўся з 1924. Першы і адзіны прыжыццёвы зб. «Сведкі» (1940). У вершах, баладах («Дойліды», 1938), паэмах («Конь», 1940) паэтызацыя сучаснасці і гіст. мінулага, прырода роднай зямлі, глыбіня лірычных інтанацый, нац.-гіст. каларыт. Адзін з лепшых яго твораў — вершаваная драма «Рэмбрант» (1940) пра трагічнае адзінаборства геніяльнага мастака за духоўнае разняволенне. У творчасці перыяду Вял. Айч. вайны вершы пра Радзіму, нязломнасць нар. духу. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Ю.​Гаўрук, Х.​Жычка.

Тв.:

Стихотворения. Поэмы. М., 1982.

Літ.:

Тартаковский П. Дмитрий Кедрин. М., 1963.

т. 8, с. 219

КЕДЫ́РЫ (Kediri),

горад у Інданезіі, на У в-ва Ява, у даліне р. Брантас. 236 тыс. ж. (1990). Перапрацоўка мясц. с.-г. сыравіны. Харч., тэкст. прам-сць.

т. 8, с. 220

КЕДЫ́ШКА (Мікалай Аляксандравіч) (13.8.1923, Мінск — 7.11.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Быў рабочым Мінскага будтрэста. Восенню 1941 з групай моладзі стварыў і ўзначаліў падп. групу, якая да крас. 1943 ператварылася ў буйную арг-цыю («Андруша»). З лют. 1943 у складзе групы Мінскага падп. гаркома ЛКСМБ, члены якой падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадай «Штурмавая», падп. арг-цыямі горада. Кіраваў дыверсіямі на гарадской эл. станцыі, чыг. вузле, хлебазаводзе і інш. Арганізацыя перадала партызанам некалькі аўтамашын зброі. Загінуў у баі з гітлераўцамі, якія акружылі явачную кватэру.

М.А.Кедышка.

т. 8, с. 220

КЕЖУ́Н (Браніслаў Адольфавіч) (н. 8.9.1914, С.-Пецярбург),

рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.​Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.​Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, К.​Буйло, М.​Калачынскага, М.​Танка, У.​Корбана, К.​Крапівы, А.​Куляшова, М.​Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.​Вітка, Х.​Жычка, Калачынскі, М.​Лужанін, Р.​Няхай, М.​Танк, Ю.​Свірка, М.​Аўрамчык і інш.

т. 8, с. 220