Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КВІНТЭСЕ́НЦЫЯ (ад лац. quinta essentia пятая сутнасць),

аснова, самая сутнасць чаго-н. У антычнай натурфіласофіі К. — эфір, уведзены Арыстоцелем, найтанчэйшы пяты элемент (стыхія) побач з вадой, зямлёй, паветрам і агнём; пазней — найтанчэйшая субстанцыя наогул, «экстракт» усіх элементаў (Парацэльс).

т. 8, с. 217

КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),

1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).

2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв. муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.

Р.М.Аладава.

т. 8, с. 217

КВІНЦІ́ЛА (ісп. quintilla ад лац. quintus пяты),

тое, што пяцірадкоўе.

т. 8, с. 217

КВІ́СЛІНГ ((Quisling) Відкун) (18.7.1887, г. Фюрэсдаль, Нарвегія — 24.10.1945),

нарвежскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат, лідэр нарв. фашыстаў. Прафес. вайсковец. У крас.снеж. 1918 ваен. аташэ ў Петраградзе, у 1920—21 — у Хельсінкі. У 1922—26 удзельнік акцый Ф.Нансена па аказанні гуманіт. дапамогі СССР, у 1927—29 член нарв. дэлегацыі ў Маскве. У 1931—33 ваен. міністр Нарвегіі. З 1931 у фаш. руху, у 1933 заснаваў нарв. фаш. партыю «Нац. аб’яднанне». У 1939 выступаў за прэвентыўную акупацыю краіны герм. войскамі. Пасля акупацыі Нарвегіі з крас. 1940 да вер. 1941 старшыня нарв. адм. савета, у 1942—45 прэм’ер-міністр нарв. калабарацыянісцкага ўрада; жорстка праследаваў апазіцыю. Пасля капітуляцыі герм. войск у Нарвегіі (7.5.1945) арыштаваны 9.5.1945. Пакараны смерцю паводле прыгавору нарв. суда. Імя К. стала сінонімам дзярж. здраднікаў.

т. 8, с. 217

КВІТА́НЦЫЯ (італьян. quitanza),

афіцыйная распіска ўстаноўленай формы, якая сведчыць аб прыняцці грошаў, дакументаў, каштоўнасцей асобай, што выдала К., у асобы, якой яна выдадзена.

т. 8, с. 217

КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),

украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс. нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2·, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1971—73.

Літ.:

Памяти К. Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983.

Л.С.Мухарынская.

т. 8, с. 217

КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр. Квітка) Рыгор Фёдаравіч

(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес. т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;

Рус. пер. — Проза. М., 1990.

Літ.:

Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;

Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 217

КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),

расійскі гісторык архітэктуры. Канд. тэхн. н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІ прамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.

Тв.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).

т. 8, с. 217

КВІЦАРЫ́ДЗЕ (Давід Васілевіч) (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед. ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, В.Нікіфаровіч.

Тв.:

Рус. пер.В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;

Прощайте, дремучие леса! М., 1975.

М.В.Няхай.

т. 8, с. 218

КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).

В.А.Квіцінскі.

т. 8, с. 218