КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр. Квітка) Рыгор Фёдаравіч

(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес. т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;

Рус. пер. — Проза. М., 1990.

Літ.:

Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;

Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)