КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),
1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).
2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв. муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)