ДАВІДЗЕ́НКА Аляксандр Аляксандравіч
(13.4.1899, г. Адэса, Украіна — 1.5.1934),
расійскі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). У 1925—29 узначальваў «Вытворчы калектыў студэнтаў-кампазітараў Маскоўскай кансерваторыі». Аўтар хар. твораў на рэв. тэмы «На дзесятай вярсце», «Вуліца хвалюецца». Найб. папулярныя яго песні на словы М.Асеева («Конніца Будзённага», «Першая конная», «Вінтовачка»), Дз.Беднага («Нас пабіць, пабіць хацелі»), А.Жарава, М.Святлова і інш. Аўтар опер «1919 год» (1931) і «1905 год» (1935, разам з Б.Шэхцерам), зборніка для фп. песень народаў Паўн. Каўказа.
т. 5, с. 563
ДАВІДЗЕ́НКА Леанід Рыгоравіч
(н. 9.5.1941, Мінск),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Выкладае ў Бел. ліцэі мастацтва (з 1969). Аўтар станковых твораў «Сяброўкі» (1970), «Пяшчотнасць» (1972), «Купава» (1974), «Маці і сын» (1978), «Юнак з вавёркай» (1979), «Рэчанька» (1983), «Бульбачка», «Два торсы» (абедзве 1984) і інш. Манум. работы: у Мінску — фантан «Лета» (1974) на праспекце Машэрава, «Сымон-музыка» (1982) для муз. ліцэя пры кансерваторыі, «Чалавек ідзе» (1986) у парку па вул. Арлоўскай; у Нясвіжы — «Дама ў чорным» (1993); «Любава» (1978) у цэнтр. парку г. Кішынёў і інш. Творчасць адметная лірычным вырашэннем тэмы, тонкім адчуваннем матэрыялу.
т. 5, с. 563
ДАВІДЗЮ́К Георгій Пятровіч
(н. 5.7.1923, в. Кастрычнік Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. сацыёлаг. Д-р філас. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1952), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1959). З 1959 заг. сектара Ін-та філасофіі і права АН БССР, у 1973—96 праф. БДУ. Даследуе праблемы гісторыі, тэорыі і метадалогіі сацыялогіі, сац. структуры грамадства, сац. кіравання. Аўтар кн. «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кіт. мову ў 1985), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш.
Тв.:
Основные черты современного ревизионизма. Мн., 1961;
Банкруцтва буржуазных канцэпцый грамадства будучага. Мн., 1967;
Критика теории «единого индустриального общества». Мн., 1968;
Проблемы «массовой культуры» и «массовых коммуникаций». Мн., 1972 (разам з У.С.Баброўскім);
Sociocultural community of Polish and Belarus peoples // The Neigbourhood of cultures. Warsaw, 1994.
т. 5, с. 563
ДАВІДЗЮ́К
(Dawidziuk) Мікола (н. 23.4.1944, в. Уснаршчына Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі жывапісец і графік. Па паходжанні беларус. Скончыў Вышэйшую школу пластычных мастацтваў у Лодзі (1969) і выкладае ў ёй (з 1993 праф.). Мастак імкнецца да пранікнення ва ўнутр. свет асобы, раскрываючы яго праз містычныя твары загадкавых персанажаў, у якіх відавочна сувязь з міфалагічнасцю, спалучэнне канонаў іканапісу з кірункам сучаснага заходнееўрап. мастацтва. Асн. працы: «Падвойны профіль» (1984), «Падбеластоцкі татэм» (1991), «Без назвы» (1992), «Блакітны квадрат» (1994) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ Ісак Аронавіч
(4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп. т-ра юнага гледача (1955, з І.Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).
П.В.Масленікаў.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна
(н. 25.12.1936, г. Гродна),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ Мікалай Пятровіч
(15.8.1919, в. Карбачоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1993),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Туркестанскае кулямётнае вучылішча (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Давідовіч вызначыўся ў 1943 на Варонежскім фронце: у вер. ўдзельнічаў у захопе плацдарма на правым беразе Дняпра ў раёне с. Новыя Пятроўцы Вышгарадскага р-на Кіеўскай вобл.; застаўшыся жывым адзін, некалькі гадзін адбіваў атакі праціўніка. Да 1946 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч
(н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ЎСКІ Іван Елізаравіч
(30.5.1896, в. Грозаў Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1960),
генерал-лейтэнант (1945). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1925), Генштаба (1948). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Шклова, Магілёва, Мінска, Літвы, Польшчы, баёў пад Берлінам. З 1945 нам. камандуючага ваен. акругай, у 1946—56 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба.
т. 5, с. 563