ДАВІДО́ВІЧ Ісак Аронавіч
(4.12.1911, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 5.12.1993),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Рэалізмам ва ўвасабленні гіст. тэмы вызначаюцца жывапісныя творы «Курлоўскі расстрэл» (1939), «Партызаны на прывале» (1948), «Паміж баямі» (1965), «Нарачанская быль» (1967), «Першадрукар Францыск Скарына» (1968), псіхалагізмам і жыццёвасцю вобразаў — творы быт. жанру «Карагод» (1937), «Маці» (1954), «Хакеісты» (1975) і інш. Сярод твораў манум.-дэкар. жывапісу размалёўка плафона «Дружба народаў» для Рэсп. т-ра юнага гледача (1955, з І.Ахрэмчыкам), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з зарубежнымі краінамі (1956, з Ахрэмчыкам).
П.В.Масленікаў.
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)