Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

газета дэмакр. кірунку. Выдавалася 14.2—19.4.1924 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ. «Змаганне». Гал. ўвагу аддавала стану і задачам бел. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Асвятляла міжнар. падзеі. Рэдакцыя «Голас беларуса» выдавала кнігі і брашуры бел. аўтараў З.Верас, А.Краскоўскага, У.Самойлы і інш. Выйшаў 21 нумар, з іх 4 канфіскаваны. Закрыта польскімі ўладамі, рэдактар-выдавец М.Шыла зняволены ў турму.

т. 5, с. 322

«ГО́ЛАС ВЁСКІ»,

газета. Выдавалася з 1.10.1941 да 16.6.1944 у Мінску на бел. мове з дазволу і пры дапамозе герм. улад. Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах акупіраванай тэр. Беларусі. Друкавала распараджэнні акупац. улад, прамовы А.Гітлера, А.Розенберга, В.Кубэ, тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах 2-й сусв. вайны. Усхваляла гітлераўскі «новы аграрны парадак», аналізавала гасп. магчымасці бел. зямель, сял. жыццё ў замежных краінах. Асвятляла пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Апублікавала раман «Насуперак лёсу» М.Дуброўскага (Р.Мурашкі). Выйшла 130 нумароў.

С.У.Жумар.

т. 5, с. 322

«ГО́ЛАС МО́РА»,

інфрагукавыя хвалі, якія ўзнікаюць над паверхняй мора пры моцным ветры, у выніку віхраўтварэння за грабянямі хваль. «Голас мора» можа быць прадказаннем шторму таму, што інфрагукавыя хвалі распаўсюджваюцца на вял. адлегласці з-за малога паглынання, іх скорасць значна перавышае скорасць перамяшчэння вобласці шторму.

т. 5, с. 323

«ГО́ЛАС ПРАВАСЛА́ЎНАГА БЕЛАРУ́СА»,

рэлігійна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў ліст.снеж. 1931 у Вільні на бел. мове. Асн. задачу бачыў у аднаўленні і станаўленні бел. праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Зах. Беларусі і БССР, імкнуўся спалучаць каштоўнасці хрысціянства з бел. ідэяй. Выступаў за дэмакратызацыю царквы, з пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі ў Беларусі, негатыўна ацэньваў унію. Друкаваў хроніку царк. жыцця ў Зах. Беларусі. Выйшлі 2 нумары.

т. 5, с. 323

«ГО́ЛАС РАДЗІ́МЫ»,

інфармацыйная культ.-асветная газета Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом. Выдаецца з 6.4.1955 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Да студз. 1960 наз. «За вяртанне на Радзіму». Засн. бел. секцыяй Сав. к-та «За вяртанне на Радзіму» для прапаганды сав. ладу жыцця сярод бел. эмігрантаў. З сярэдзіны 1970-х г. больш аб’ектыўна асвятляла жыццё, у т. л. бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1990-х г. адзінае бел. выданне, якое распаўсюджваецца сярод нац. дыяспары і ў асяроддзі замежных беларусістаў. Інфармуе аб паліт. працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі, навінах грамадска-культ. жыцця. Публікуе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асвятляе жыццё беларусаў у далёкім і блізкім замежжы. Да 1993 выдавалася «Бібліятэчка газ. «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.

В.Г.Мацкевіч.

т. 5, с. 323

«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў НьюЙорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел. правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.

М.М.Міцкевіч.

т. 5, с. 323

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.У.Языковіч.

т. 5, с. 323

ГО́ЛАЦК,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад Мар’інай Горкі (райцэнтр), 26 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Седча. 494 ж., 183 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 323

ГО́ЛБІЦА,

радовішча глін у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., за 1,7 км на ПнЗ ад в. Кеўлічы, каля р. Голбіца. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, цёмна-карычневыя, пластычныя, з невял. колькасцю буйназярністых часцінак. Разведаныя запасы 11,9 млн. м³, перспектыўныя 32,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—22,3 м, ускрыты 1,5—5,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэглы.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 323

ГО́ЛБРЭЙТ,

Гэлбрэйт (Galbraith) Джон Кенет (н. 15.10.1908, г. Аяна-Стэйшэн, Канада), амерыканскі эканаміст, філосаф. Скончыў ун-т у Таронта (1931). Праф. эканомікі Гарвардскага ун-та. Прыхільнік дзярж. рэгулявання эканомікі (распрацаваў тэорыю «ўраўнаважвальнай сілы», у якасці якой выступае дзяржава, што спрыяе стварэнню раўнавагі паміж попытам і прапановай). Аўтар канцэпцыі новага індустрыяльнага грамадства, дзе вырашальная роля належыць «тэхнаструктуры» (увасабленне калектыўнай улады спецыялістаў розных узроўняў). Выступаў за мірнае суіснаванне капіталіст. і сацыяліст. сістэм, прытрымліваўся канвергенцыі тэорыі.

Тв.:

Рус. пер. — Новое индустриальное общество. М., 1969;

Экономические теории и цели общества. М., 1979;

Жизнь в наше время: Воспоминания. М., 1986;

Капитализм, социализм, сосуществование. М., 1988 (разам з С.Меншыкавым).

У.К.Лукашэвіч.

т. 5, с. 323