рэгуляванне параметраў аб’екта кіравання на адлегласці сродкамі тэлемеханікі; від тэлекіравання. Вымяральная інфармацыя аб бягучым значэнні падкантрольнага параметра па канале тэлевымярэння перадаецца на пункт кіравання, дзе параўноўваецца з зададзеным значэннем, сігнал разузгаднення (вынік параўнання) перадаецца на аб’ект кіравання, дзе пераўтвараецца ў кіроўнае ўздзеянне.
перадача на адлегласці дыскрэтнай інфармацыі аб стане падкантрольнага аб’екта (напр., «адкрыта» — «закрыта», «уключана» — «выключана») сродкамі тэлемеханікі; від тэлекантролю. Прызначана для аператыўнага кантролю за выкананнем каманд аператара, перадачы сігналу аб выхадзе параметраў аб’екта па-за дапушчальныя межы ці пра аварыю на аб’екце, а таксама для перадачы дыскрэтнай вымяральнай інфармацыі (гл.Тэлевымярэнні).
ТЭЛЕСКО́П (ад тэле... + ...скоп) аптычны, прылада для назірання нябесных цел; адзін з найб. важных астранамічных інструментаў і прылад. Пранікальная сіла (зорная велічыня найб. слабых зорак, бачных пры дапамозе Т.) прапарцыянальная плошчы аб’ектыва, моцна залежыць ад якасці оптыкі, яркасці неба, стану атмасферы і інш.
Уяўляе сабой трубу, устаноўленую на манціроўцы з восямі для навядзення Т. на аб’ект і сачэння за ім. Паводле аптычнай схемы адрозніваюць Т. люстраныя (рэфлектары), лінзавыя (рэфрактары) і люстрана-лінзавыя (гл.Максутава тэлескоп). Адпаведна прыёмнікам аптычнага выпрамянення, што выкарыстоўваюцца, Т. бываюць з візуальнай, фатаграфічнай (гл.Астрограф), спектральнай, фотаэл. і інш. рэгістрацыяй. Візуальны Т. мае аб’ектыў і акуляр; павелічэнне аптычнаеG = F/f, дзе F і f — фокусныя адлегласці аб’ектыва і акуляра. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. астрафізічныя (для вывучэння зорак, планет, туманнасцей), сонечныя астраметрычныя, спадарожнікавыя камеры, метэорныя патрулі і інш.Гл. таксама Радыётэлескоп.
Літ.:
Михельсон Н.Н. Оптические телескопы: Теория и конструкция. М., 1976;
Оптические телескопы будущего: Пер. с англ.М., 1981;
Максутов Д.Д. Изготовление и исследование астрономической оптики. 2 изд. М., 1984.
двухлюстраны рэфлектар для атрымання нерухомага відарыса нябесных аб’ектаў у факальнай плоскасці нерухомага акуляра.
Аб’ект назірання (напр., зорка, планета) выбіраецца пры дапамозе плоскага люстра, замацаванага ў карданным падвесе з магчымасцю павароту вакол 2 узаемна перпендыкулярных восей, так, каб вось люстра была бісектрысай вугла паміж аптычнай воссю і воссю зроку аб’ектыва. Т.-ц. выкананы ў выглядзе настольных блокаў, устаноўленых на асобных асновах і звязаных агульнай паверхняй пляцоўкі назірання. Раздзельная ўстаноўка блокаў і карданны падвес (бел. манціроўка) выключылі традыц. трубу, спрасцілі канструкцыю, знізілі масу і інш. Можа выкарыстоўвацца ў стацыянарных і экспедыцыйных умовах на ўсіх геагр. шыротах. Асн. характарыстыкі Т.-ц. «Пегас-2»: аб’ектыў з дыяметрам 320 мм, фокуснай адлегласцю 3437 мм, масай 1,3 кг, плоскае люстра з дыяметрам 400 мм, масай 1,85 кг, Маса Т.-ц. 11,8 кг. Распрацаваны і пабудаваны пад кіраўніцтвам Я.У.Чайкоўскага (Мінск, 2002).
прылада для выдзялення і рэгістрацыі часціц высокіх энергій, якія рухаюцца ў пэўным напрамку. Мае 2 ці больш дэтэктараў (Гейгераўскіх лічыльнікаў, сцынтыляцыйных лічыльнікаў і інш., а таксама іх спалучэнняў), размешчаных адзін за адным уздоўж зададзенага напрамку і далучаных да схем супадзенняў і антысупадзенняў (гл.Супадзенняў метад). Такі метад дазваляе аддзяліць карысны сігнал, выкліканы часціцай, што прайшла праз Т.л., ад шумавых і фонавых сігналаў, а таксама ад сігналаў, выкліканых часціцамі, якія маюць іншы час пралёту паміж дэтэктарамі ці прайшлі ў інш. напрамках. Выкарыстоўваецца ў фізіцы высокіх энергій.
ТЭЛЕТА́ЙП (ад тэле... + англ. type друкаваць на машынцы),
прыёма-перадавальны літара- і лічбадрукавальны электронна-мех. тэлеграфны стартстопны апарат з клавіятурай, як у пішучай машынкі. Выкарыстоўваецца як канцавое прыстасаванне ў сетках абаненцкага тэлеграфавання для перадачы паведамленняў па каналах сувязі (тэлетайпнай сетцы), а таксама ў якасці прыстасавання ўводу-вываду інфармацыі (тэрмінала) ва ўстройствах вылічальнай тэхнікі. У час Прыёму запіс (друкаванне) паведамленняў робіцца аўтаматычна на рулоннай паперы.
ТЭЛЕФА́КС [ад тэле... +лац. fac s(imile) рабі падобнае],
абаненцкая факсімільная электрасувязь, якая забяспечвае перадачу і ўзнаўленне копій тэкставых дакументаў, схем, чарцяжоў, нерухомых відарысаў і г.д. па тэлефонных каналах сувязі. Канцавыя прылады Т. — факсімільныя апараты, якія забяспечваюць атрыманне копій чорна-белых і каляровых відарысаў, ахову інфармацыі ад несанкцыянаванага доступу і ад канальных перашкод.
галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца пабудовай сістэм тэлефоннай сувязі, распрацоўкай апаратуры для яе ажыццяўлення і выкарыстання, а таксама ацэнкай якасці перадачы інфармацыі. Тэорыя Т. грунтуецца на агульнай тэорыі сувязі, электраакустыцы, тэарэт. асновах электратэхнікі, тэорыі тэлеф. паведамленняў і інш.
Т. ўключае: вывучэнне ўласцівасцей і характарыстык гукавога поля, электраакустычных пераўтваральнікаў (мікрафонаў, тэлефонаў) разлік і канструяванне пераўтваральнікаў і тэлефонных апаратаў, распрацоўку тэхн. сродкаў тэлеф.многаканальнай сувязі; канструяванне і разлік камутацыйнай і кіравальнай апаратуры тэлефонных станцый; праектаванне тэлефонных сетак (разлік колькасці каналаў сувязі, выбар рацыянальнага размяшчэння тэлеф. станцый і вузлоў сувязі і інш.); распрацоўку метадаў кантролю і павышэння надзейнасці камутацыйнай апаратуры. Удасканаленне тэлефоннай тэхнікі звязана з распрацоўкай многаканальных сістэм з частотным і часавым раздзяленнем каналаў, з укараненнем хуткадзейнай камутацыйнай і кіроўнай апаратуры для аўтаматычных тэлефонных станцый. Актуальна для Т. распрацоўка метадаў кадзіравання адраснай і моўнай інфармацыі, прызначаных для сістэм, у якіх лініі сувязі, ушчыльненне і камутацыя каналаў грунтуюцца на прынцыпе часавага раздзялення каналаў. На аснове дасягненняў электронікі і вылічальнай тэхнікі ствараюцца электронныя сродкі камутацыі, у т. л.АТС з праграмным кіраваннем камутацыяй. Развіваецца камп’ютэрная Т. — галіна тэлекамунікацый (электрасувязі), праграмна-апаратныя сродкі якой дазваляюць аб’ядноўваць моўныя тэлекамунікацыйныя і камп’ютэрныя сеткі. Развіццю Т. садзейнічалі навук. працы і вынаходствы А.Г.Бела, Т.А.Эдысана, Р.Р.Ігнацьева, Ю.Ахаровіча і інш. У СССР праблемы Т. даследаваліся у Цэнтр.НДІ сувязі (Масква), яго аддз. у С.-Пецярбургу і Кіеве.
Літ.:
Ковалева В.Д., Коханова З.С., Панкратова О.И. Телефония и системы автоматической коммутации. М., 1976;
Дубровский Е.П. Основы телефонии и телефонные аппараты. М., 1975;
Иванова Т.И. Абонентские терминалы и компьютерная телефония. М., 1999;
Крестьянинов С.В., Полканов Е.И., Шнепс-Шнеппе М.А. Интеллектуальные сети и компьютерная телефония. М., 2001.
У.М.Сацута.
Да арт.Тэлефанія. А — тэлефон А.Г.Бела (1876): 1 — амбушур (слыхавая ракавіна); 2 — электрамагніты; 3 — зазямленне; 4 — гальванічная батарэя. Б — тэлефонны апарат Т.А.Эдысана: 1 — тэлефонная трубка для прыёму; 2 — тэлеграфны ключ; 3 — камутатар; 4 — тэлефонная трубка для перадачы.Прынцып тэлефаніі (тэлефоннай сувязі): ТА — тэлефонны апарат; АЛ — абаненцкая лінія; ГТС — гарадская тэлефонная станцыя; МТС — міжгародняя тэлефонная станцыя; ЗЛ — злучальная лінія; ЛС — лінія сувязі.
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.