ТЭЛЕФАНІ́Я (ад тэле... + грэч. phōnē гук),

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца пабудовай сістэм тэлефоннай сувязі, распрацоўкай апаратуры для яе ажыццяўлення і выкарыстання, а таксама ацэнкай якасці перадачы інфармацыі. Тэорыя Т. грунтуецца на агульнай тэорыі сувязі, электраакустыцы, тэарэт. асновах электратэхнікі, тэорыі тэлеф. паведамленняў і інш.

Т. ўключае: вывучэнне ўласцівасцей і характарыстык гукавога поля, электраакустычных пераўтваральнікаў (мікрафонаў, тэлефонаў) разлік і канструяванне пераўтваральнікаў і тэлефонных апаратаў, распрацоўку тэхн. сродкаў тэлеф. многаканальнай сувязі; канструяванне і разлік камутацыйнай і кіравальнай апаратуры тэлефонных станцый; праектаванне тэлефонных сетак (разлік колькасці каналаў сувязі, выбар рацыянальнага размяшчэння тэлеф. станцый і вузлоў сувязі і інш.); распрацоўку метадаў кантролю і павышэння надзейнасці камутацыйнай апаратуры. Удасканаленне тэлефоннай тэхнікі звязана з распрацоўкай многаканальных сістэм з частотным і часавым раздзяленнем каналаў, з укараненнем хуткадзейнай камутацыйнай і кіроўнай апаратуры для аўтаматычных тэлефонных станцый. Актуальна для Т. распрацоўка метадаў кадзіравання адраснай і моўнай інфармацыі, прызначаных для сістэм, у якіх лініі сувязі, ушчыльненне і камутацыя каналаў грунтуюцца на прынцыпе часавага раздзялення каналаў. На аснове дасягненняў электронікі і вылічальнай тэхнікі ствараюцца электронныя сродкі камутацыі, у т. л. АТС з праграмным кіраваннем камутацыяй. Развіваецца камп’ютэрная Т. — галіна тэлекамунікацый (электрасувязі), праграмна-апаратныя сродкі якой дазваляюць аб’ядноўваць моўныя тэлекамунікацыйныя і камп’ютэрныя сеткі. Развіццю Т. садзейнічалі навук. працы і вынаходствы А.Г.Бела, Т.А.Эдысана, Р.​Р.​Ігнацьева, Ю.​Ахаровіча і інш. У СССР праблемы Т. даследаваліся у Цэнтр. НДІ сувязі (Масква), яго аддз. у С.-Пецярбургу і Кіеве.

Літ.:

Ковалева В.Д., Коханова З.С., Панкратова О.И. Телефония и системы автоматической коммутации. М., 1976;

Дубровский Е.П. Основы телефонии и телефонные аппараты. М., 1975;

Иванова Т.И. Абонентские терминалы и компьютерная телефония. М., 1999;

Крестьянинов С.В., Полканов Е.И., Шнепс-Шнеппе М.А. Интеллектуальные сети и компьютерная телефония. М., 2001.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Тэлефанія. А — тэлефон А.​Г.​Бела (1876): 1 — амбушур (слыхавая ракавіна); 2 — электрамагніты; 3 — зазямленне; 4 — гальванічная батарэя. Б — тэлефонны апарат Т.​А.​Эдысана: 1 — тэлефонная трубка для прыёму; 2 — тэлеграфны ключ; 3 — камутатар; 4 — тэлефонная трубка для перадачы.
Прынцып тэлефаніі (тэлефоннай сувязі): ТА — тэлефонны апарат; АЛ — абаненцкая лінія; ГТС — гарадская тэлефонная станцыя; МТС — міжгародняя тэлефонная станцыя; ЗЛ — злучальная лінія; ЛС — лінія сувязі.

т. 16, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)