Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПА́ЎЛАЎ (Мікалай Спірыдонавіч) (25.8.1922, в. Слакбаш Белябееўскага р-на, Башкортастан — 2.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Разлік гарматы на чале з сяржантам П. 21.12.1943 каля в. Дуброва Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. ўступіў у бой з 27 варожымі танкамі, знішчыў 5, 2 з іх асабіста П. Пасля вайны настаўнік у школе.

т. 12, с. 204

ПА́ЎЛАЎ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.1.1863, г. Ленкарань, Азербайджан — 10.1.1958),

расійскі вучоны ў галіне металургіі Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1927). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1885). У 1904—41 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, адначасова з 1921 — Маскоўскай горнай акадэміі, у 1930—41 — Маскоўскага ін-та сталі. Навук. працы па праблемах інтэнсіфікацыі доменнага працэсу, пашырэння рэсурсаў металургічнай вытв-сці. Удзельнік праектавання буйных металург. з-даў, доменных печаў і сталеплавільных агрэгатаў. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1947.

Тв.:

Металлургия чугуна. Ч. 1—3. М., 1948—51;

Расчет доменных шихт. 6 изд. М., 1951.

Літ.:

Федоров А.С. М.​А.​Павлов // Люди русской науки. М., 1965.

М.А.Паўлаў.

т. 12, с. 204

ПА́ЎЛАЎ (Міхаіл Мікітавіч) (1919, в. Ліпавец Пакроўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 6.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Краснаярскае ваен. авіявучылішча штурманаў (1940). У Чырв. Арміі з 1939, на фронце з 1941. Штурман авіяэскадрыллі ст. лейтэнант П. зрабіў 213 баявых вылетаў, вызначыўся 6.10.1943 пры бамбардзіроўцы скопішча тэхнікі ворага на чыг. ст. Гомель; загінуў у баі.

М.М.Паўлаў.

т. 12, с. 204

ПА́ЎЛАЎ (Савелій Яфімавіч) (н. 7.2.1934, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык, пісьменнік, публіцыст. Канд. гіст. н. (1971), праф. (1990). Скончыў БДУ (1962). З 1955 у браслаўскай раённай газеце, сакратар Маладзечанскага абкома камсамола. З 1960 нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена». З 1961 у ЦК ЛКСМБ, з 1963 у ЦК КПБ (у 1971—89 заг. аддзела). З 1989 рэктар Ін-та паліталогіі і сацыяльнага кіравання. З 1992-заг. кафедры Бел. недзярж. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. і бел. мовах. Працы па праблемах эвалюцыі сац.-эканам. адносін, паліт. структуры грамадства, захаванні культ. спадчыны і гуманістычных каштоўнасцей грамадства (кн. «Каштаны наліваюцца гневам», 1962; «Чалавек ідзе ў жыццё...», 1964; «Слова — зброя», 1970; «Два колеры зямлі», 1980; «Вендэта па-амерыканску», 1985). Аўтар кн. дарожных нататак «Рэпартаж з борта Зямлі» (1975).

Тв.:

Імперская паранойя. Мн., 1984;

Непрызнаныя геніі. Мн., 1987;

У всех на виду. М., 1989;

Чалавек: прадпрымальнасць, кіраванне, рынак. Мн., 1994;

Радуга времени. Мн., 1997 (разам з Я.​І.​Паўлавай).

т. 12, с. 204

ПА́ЎЛАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 25.10.1935, в. Замошша Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё, у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1986—98 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1954. Выдаў зб-кі паэзіі «Ўзлётная паласа» (1960), «Далягляд» (1964), «Светацені» (1967), «Начная балада» (1971), «Сонца купаецца» (1976), «Сляза на вейцы» (1982), «Гадавое кальцо» (1986), «Што было на Беларусі» (1994) і інш. У-іх тэмы вернасці і кахання, роздум над надзённымі праблемамі часу. У аповесцях і апавяд. (зб-кі «Годы нашы — птушкі», 1970; «Ад агню і мяча», 1973) гераізм народа ў Вял. Айч. вайну. Для дзяцей кн. «Пажарніца» (1968), «Чуж-чужаніца» (1979), «Радзімкі» (1989), «Колькі гусей убачыў Яўсей?» (1994), «Хто знае — адгадае» (1997). Літ. прэмія імя І.​Мележа за аповесць «Пад схіленым дрэвам» (1997). На бел. мову пераклаў раманы «Чужая дачка» Я.​Фельдэака, «Момант ісціны» («У жніўні сорак чацвёртага...») У.​Багамолава, паасобныя творы рус., укр., літ., груз., балг. і інш. паэтаў (кн. яго перакладаў «Поціск рукі», 1991).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1987;

Каласы радкоў. Мн., 1979;

Чысты чацвер. Мн., 1995.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 205

ПА́ЎЛАЎ (Якаў Савельевіч) (20.6.1940, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.12.1996),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1983), праф. (1984). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ (заг. сектара), з 1976 у Мінскай ВПШ (заг. кафедры). З 1991 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, кіраўнік групы па вывучэнні паліт. рэпрэсій на Беларусі ў 1920 — пач. 1950-х г. З 1993 у Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы (заг. аддзела). Даследаваў гісторыю рэвалюцыі 1905—07, грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 у Расіі і Беларусі, падп. і партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ваен. буд-ва і паліт. рэпрэсій у 1920—40-х г., праблемы метадалогіі і гістарыяграфіі Вял. Айч. вайны. Адзін з аўтараў прац «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.

Тв.:

В.​И.​Ленин и партизанское движение. Мн., 1975;

Комиссар Бумажков. Мн., 1978;

Народная война в тылу интервентов и белогвардейцев. Мн., 1983;

В суровом сорок первом. Мн., 1985;

У истоков победы. М., 1986;

Драматычны лёс польскіх асаднікаў // Бел. мінуўшчына. 1994. № 4;

Советско-германские договоры 1939—1941 гг.: трагедия тайных сделок. Мн., 1996.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 205

ПА́ЎЛАЎСК,

горад у Ленінградскай вобл., за 30 км на Пд ад С.-Пецярбурга. Размешчаны на схіле Балт.-Ладажскага ўступа, на беразе р. Славянка. Засн. ў 1777, у 1918—44 наз. Слуцк. Нас. 25,4 тыс. чал. (1999). Да 1917 загарадная рэзідэнцыя рас. імператараў. Гіст. ядро П. — арх.-паркавы ансамбль у стылі класіцызму (арх. Ч.​Камерон, В.​Брэна, А.​Вараніхін, П.​Ганзага і інш.). На высокім узгорку — палац (1783—1807), які складаецца з асн. будынка і бакавых флігеляў, злучаных з ім галерэямі. Да палаца прылягае пейзажны парк пл. каля 600 га з павільёнамі («Храм дружбы», «Каланада Апалона», «Тры грацыі», усе 1780-я г.) і інш. збудаваннямі (мост «Чыгунны», 1823). Ансамблю ўласцівы гарманічнасць кампазіцыі, зліццё архітэктуры з прыродай, багацце відавых перспектыў і ландшафтных куткоў. З 1918 музей. Разбураны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены. З 1983 палацава-паркавы музей-запаведнік. Іл. гл. таксама да арт. Пейзажны парк.

Палац у г. Паўлаўск 18—19 ст.

т. 12, с. 205

ПА́ЎЛАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА», Паўлаўская «Рэч Паспалітая», маёнтак Паўлава (Мерач) у Віленскім пав. (цяпер у Літве), дзе ў 2-й пал. 18 ст. былі праведзены кардынальныя сац.-эканам. рэформы. Уладальнік Паўлава (маёнтак атрымаў найменне ў 1767 ад імя гаспадара) П.​К.​Бжастоўскі (гл. ў арт. Бжастаўскія) ажыццявіў комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні становішча сялян, якое рэгулявалася статутамі 1769 і 1791. Сялянам дадзена асабістая вольнасць, яны атрымалі ў вечнае карыстанне вял. гаспадаркі, з якіх неслі павіннасці, права на вольнае карыстанне пушчай, права распараджацца маёмасцю, займацца рамёствамі і гандлем. Было ўведзена шырокае сял. самакіраванне на ўзор парламента з 2 палат, сял. суд і войска, ашчадна-пазыковая каса, дзе сяляне маглі атрымаць пазыку грашыма, збожжам і жывым інвентаром; пабудаваны школа, аптэка. Сяляне П.«р.» ўдзельнічалі ў паўстанні 1794. Не маючы магчымасці трымаць маёнтак пад рас. уладай, у канцы 1794 Бжастоўскі прадаў яго, аднак асн. палажэнні статута маёнтка захоўваліся. Праведзеныя ў духу Асветніцтва рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст., грашовых адносін у сял. гаспадарцы, павышэнню дабрабыту насельніцтва. Рэформы Бжастоўскага сустрэлі варожыя адносіны большасці землеўласнікаў і ўхваляліся перадавымі коламі Рэчы Паспалітай.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 205

ПА́ЎЛАЎ-СІЛЬВА́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (13.2.1869, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія — 30.9.1908),

расійскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). З 1899 працаваў у Дзярж. архіве Мін-ва замежных спраў. З 1905 выкладаў рус. гісторыю і гісторыю рус. права (з 1907 праф.) у навучальных установах Пецярбурга. Абгрунтаваў аднатыпнасць рас. феад. перыяду з зах.-еўрап. феадалізмам («Феадалізм у Старажытнай Русі», 1907; «Феадалізм ва ўдзельнай Русі», выд. ў 1910). Даследаваў гісторыю рэформ Пятра I, вызваленчы рух, грамадскую думку 18—19 ст.

Тв.:

Феодализм в России. М., 1988.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 623—635.

т. 12, с. 205

ПАЎЛЕ́НКА (Мікалай Андрэевіч) (26.6.1926, с. Савінка Паласаўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 10.5.1987),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1954), выкладаў у ім (з 1980 праф.). З 1985 дырэктар філіяла Ін-та рус. мовы імя А.​С.​Пушкіна ў Празе. Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, па праблемах бел. словаўтварэння, рус. мове. Аўтар працы «Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» (1978), вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў мовазнаўства» (1962), «Кароткі нарыс гісторыі пісьма» (1965) і інш.

Тв.:

Гісторыя пісьма. 2 выд. Мн., 1987.

т. 12, с. 205