Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІВАЦЭ́ВІЧЫ,

горад, цэнтр Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Грыўда. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Баранавічы. За 135 км ад Брэста. 19,7 тыс. ж. (1998).

Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1519. Належалі Юндзілам. З 1654 вядомы як маёнтак. З 2-й пал. 16 ст. ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. Пасля пракладкі чыг. Масква—Брэст (1871) побач з маёнткам узнікла пасяленне. У канцы 19 ст. ў ім былі вінакурня і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын. У 1915—18 акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі У ліп.жн. 1920 існавала сав. ўлада. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Косаўскім р-не. З 20.9.1947 гар. пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага р-на. У 1959—5,2 тыс. ж. У 1962—65 у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 горад.

Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, прыладабудаўнічы з-д, ільнозавод. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

Івацэвічы. Фрагмент забудовы горада.

т. 7, с. 157

Івашка Віктар Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 393

ІВА́ШКА МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк,

герой усх.-слав. чарадзейных казак пра юнака-асілка, пра тры падземныя царствы і інш.

Нараджаецца ад мядзведзя, валодае магутнай сілаю, яшчэ большай, чым яго памочнікі Вярнідуб і Вярнігара. Падобны вобраз (ідзе ад міфаў і легенд) ёсць у казках многіх краін. Зах.-еўрап. казкі пра Мядзведжага сына часткова далучаюцца да анекдотаў пра дурных чарцей. Большасці ўсх.-слав. казак гэтага тыпу характэрна сац.-сатыр. накіраванасць: асілак звычайна сутыкаецца і распраўляецца з панам, папом або царом (асабліва выяўляецца ў бел. і ўкр. варыянтах). У бел. казках пра Мядзведжае вушка вобраз героя пад уплывам традыц. легенд пра асілкаў набывае нярэдка фантаст. рысы волата.

Літ.:

Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 43—52.

Л.​Р.​Бараг.

т. 7, с. 157

ІВАШКЕ́ВІЧ ((Iwaszkiewicz) Яраслаў) (20.2.1894, в. Кальнік Вінніцкай вобл., Украіна — 2.3.1980),

польскі пісьменнік. У 1912—18 вучыўся ў Кіеўскім ун-це і ў кансерваторыі. З 1918 у Варшаве. У 1932—36 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1915. Ранняй лірыцы ўласцівы эстэтызм, зварот да адвечных пытанняў (зб-кі «Васьмірадкоўі», 1919, «Дыянісіі», 1922, «Лета 1932», 1933). У аповесцях і раманах «Зенобія Пальмура» (1920), «Узыходзіць месяц» (1925), «Змова мужчын» (1930), «Блендамерскія страсці» (1938) філас.-эстэтычная праблематыка. Раман «Чырвоныя шчыты» (1934) пра мінулае Польшчы. Аўтар апавядання «Паненкі з Вілька» (1933, экранізацыя А.​Вайды, 1979), п’ес «Лета ў Наане» (1936—37), «Маскарад» (1939) і інш. У пасляваен. паэт. зб-ках «Алімпійскія оды» (1948), «Каса восені і іншыя вершы» (1954), «Заўтра жніво» (1963), «Выбраныя вершы» (1968), «Карта надвор’я» (1977), «Музыка ўвечары» (1980) грамадз. пафас, філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Аўтар кніг прозы «Італьянскія навелы» (1947), «Кнігі маіх успамінаў» (1957). У рамане-эпапеі «Хвала і слава» (т. 1—3, 1956—62) панарама жыцця польск. інтэлігенцыі ў 1914—45. Дзярж. прэміі Польшчы 1952, 1954 і 1970. На бел. мову вершы І. перакладалі А.​Вялюгін, М.​Машара, Я.​Семяжон, прозу — Я.​Брыль, П.​Стафановіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад Буга да Одры. Мн., 1969;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—8. М., 1976—80.

Літ.:

O twórczosci Jarosława Iwaszkiewicza. Kraków;

Wrocław, 1983.

М.​М.​Хмяльніцкі.

Я.Івашкевіч.

т. 7, с. 158

ІВАШКЕ́ВІЧЫ,

сям’я бел. мастакоў. Андрэй, жывапісец канца 18 ст. Жыў і працаваў у Гродне. З твораў вядомы копія партрэта кн. М.​В.​Рапніна (1796) з арыгінала Дз.​Р.​Лявіцкага і алегарычная кампазіцыя «Vanitas vanitatum» (1806). Клеменс (1804, г. Гродна? — 10.7.1849). Сын і вучань Андрэя. Верагодна, вучыўся ў Вільні ў Я.​Рустэма. Некаторы час працаваў настаўнікам малявання ў школах Любліна. Потым пасяліўся ў Варшаве. У 1824 працаваў у Гродне, у 1827, верагодна, у Дунілавічах пад Вільняй у Янішэўскіх. У творчасці пераважае партрэтны жанр; вядомы партрэты І.​І.​Макавельскага (1824), Юзафа і Ізабелы Качкоўскіх (каля 1825), С.​Янішэўскага (1827) і Б.​Янішэўскай (1820-я г.), Я.​Эпштэйна (1835).

Літ.:

Сядзібны партрэт Беларусі XVIII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнаіа мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 158

Івашкевіч Алег Анатолевіч

т. 18, кн. 1, с. 393

ІВАШКО́Ў (Леанід Пятровіч) (н. 2.7.1939, в. Шылавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар), педагог. Засл. арт. Беларусі (1995). Канд. мастацтвазнаўства (1989). Праф. (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965) і выкладае ў ёй (цяпер Бел. акадэмія музыкі). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру, высокай вак. культурай. Выступае пераважна як камерны спявак; першы выканаўца многіх вак. твораў, а таксама партый тэнара ў кантатах і араторыях бел. кампазітараў. Аўтар артыкулаў пра бел. оперных спевакоў, па гісторыі муз. культуры Беларусі. Сярод вучняў І.Краснадубскі, Г.​Нікіцін, А.​Тузлукоў, С.​Франкоўскі, І.​Шупеніч.

Тв.:

Рыцарь искусства // Музыка Мн., 1990;

Гісторыя вакальнага мастацтва Беларусі. Ч. 1. Мн. 1995.

т. 7, с. 158

ІВАШУ́ЦІН (Пётр Іванавіч) (н. 5.9.1909, г. Брэст),

генерал арміі (1971), Герой Сав. Саюза (1985). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1930—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Каўказскім, Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах. і 3-м Укр. франтах. Удзельнік абароны Каўказа, вызвалення Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. Пасля вайны ў цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР, з 1963 нам. нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54, 1966—89.

П.І.Івашуцін.

т. 7, с. 158

ІВА́ШЧАНКА (Фёдар Іванавіч) (н. 20.2.1920, хутар Філева-Сарочыны Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1976), праф. (1976). Скончыў Кабардзіна-Балкарскі пед. ін-т (1942, г. Нальчык). Выкладаў у школе, Стаўрапольскім пед. ін-це. З 1974 у Мінскім пед. ун-це. У 1977—91 гал. рэдактар навук. зб. «Псіхалогія». Даследуе праблемы псіхалогіі выхавання, фарміравання асобы ў працэсе вучэбна-вытв. працы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Задачы па агульнай узроставай і педагагічнай псіхалогіі» (2-е выд., 1985), «Псіхалогія выхавання школьнікаў» (1996) і інш.

Тв.:

Труд и развитие личности школьника. М., 1987;

Психология трудового воспитания. 2 изд. Мн., 1988.

т. 7, с. 158

ІВА́ШЫН (Васіль Уладзіміравіч) (н. 9.5.1913, в. Ляхавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, педагог. Акад. АПН СССР (1967), д-р філал. н. (1965), праф. (1973). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1967—78 дырэктар НДІ педагогікі Мін-ва адукацыі Беларусі. Навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі бел. л-ры, літ. сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання л-ры ў школе. Адзін з гал. кірункаў даследаванняў — Купалаўская спадчына. Аўтар манаграфій «М.​Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.» (1956), «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), падручнікаў «Беларуская літаратура» для 8-га кл. (19-е выд. 1978, з В.​В.​Барысенкам; 7-е выд. 1988, з М.​А.​Лазаруком), для 9-га кл. (9-е выд. 1994, з Лазаруком).

Тв.:

Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг. Мн., 1953;

Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларукай літаратуры. Мн., 1955.

т. 7, с. 158