Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЗНА́ННЕ,

адна з формаў папярэдняга расследавання крымін. злачынстваў і правапарушэнняў. У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД ажыццяўляецца міліцыяй і інш. правамоцнымі органамі (дзярж. бяспекі, пажарнага нагляду, пагранічнай аховы, мытні і інш.). Адрозніваюць 2 віды Д.: па справах, папярэдняе следства па якіх абавязковае, і па справах, дзе яно не абавязковае. У першым выпадку орган дазнання ўзбуджае крымін. справу, праводзіць неадкладныя следчыя дзеянні па выяўленні слядоў злачынства і перадае справу следчаму. У другім Д. ўключае поўнае расследаванне справы; пры гэтым матэрыялы Д. з’яўляюцца падставай для разгляду справы ў судзе.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 9

ДАЗО́Р,

у сухапутных войсках орган разведкі або паходнай аховы, які высылаецца ад падраздзяленняў і часцей з мэтай здабыць звесткі аб праціўніку, мясцовасці, радыяцыйным і хім. стане, не дапусціць раптоўнага нападу на ахоўваемыя войскі. Склад Д. залежыць ад пастаўленых перад ім задач і умоў мясцовасці. Можа быць пешы або механізаваны, звычайна не больш за ўзвод, забяспечаны неабходнай зброяй і тэхнікай.

т. 6, с. 9

ДАЗО́РАЦ Юлія Львоўна

(5.5.1912, г. Умань, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1969). Скончыла Адэскі мед. ін-т (1938). У 1954—73 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемах эндакрыналогіі, рэўматалогіі і гепаталогіі.

т. 6, с. 9

ДАЗО́РЦАВА Гнэся Львоўна

(31.12.1901, г.п. Карма Гомельскай вобл. — 14.8.1966),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1945), праф. (1946). Скончыла БДУ (1927). У 1931—34 дырэктар, у 1954—58 навук. кіраўнік Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства. Навук. працы пра біял. і біяхім. фактары і функцыян, дыягностыку хвароб жаночых палавых органаў.

Тв.:

Функциональная диагностика в акушерстве и гинекологии на основе цитологических исследований. Мн., 1952.

т. 6, с. 9

ДАЗО́РШЧЫКІ

(Anax),

род стракоз сям. каромыслаў. Да 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на берагах стаячых і слабапраточных вадаёмаў. На Беларусі 1 від — Д.-імператар (A. imperator), зарэгістраваны на Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 мм, крыла да 51 мм. Грудзі зялёныя, брушка ў самцоў светла-сіняе, зверху з шырокай чорнай падоўжнай паласой; у самак брушка зялёнае з бурай паласой. Вочы на некат. адлегласці датыкаюцца. Лічынкі развіваюцца ў стаячых і праточных вадаёмах.

Да арт. Дазоршчыкі. Дазоршчык-імператар.

т. 6, с. 9

ДАІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс машын, апаратаў і абсталявання для мех. даення кароў і першаснай апрацоўкі малака. Складаюць паточную паўаўтам. лінію, на якой робяцца пераддаільная падрыхтоўка жывёл, выдойванне малака даільнымі апаратамі, яго транспартаванне, ачыстка, ахаладжэнне і забор у ёмістасць.

Д.ў. дояць кароў у стойлах кароўнікаў (пераноснымі і перасоўнымі даільнымі апаратамі са зборам малака ў ёмістасці ці ў малакаправоды) або ў даільных залах (абсталяваны індывідуальнымі і групавымі станкамі, размешчанымі па пэўнай схеме). Д.ў. камплектуюць абсталяваннем для аўтам. выканання некат. ручных работ (напр., пераддаільнай сан. апрацоўкі вымяў), электроннымі сістэмамі для індывід. кармлення, уліку прадукцыі, часам для перапрацоўкі малака ў малочныя прадукты (вяршкі, масла і інш.). Для даення авечак выкарыстоўваюць перасоўныя і стацыянарныя Д.ў. паралельна-прахаднога (з групавым упускам і выпускам жывёл) і карусельнага тыпаў.

Літ.:

Краснокутский Ю.В., Рыжов С.В. Новые доильные аппараты и установки. М., 1984.

Даільная ўстаноўка: а — схема ўстаноўкі (1 — электрарухавік, 2 — вакуум-помпа, 3 — вакуумны балон, 4 — вакуумметр, 5 — вакуумправод, 6 — даільны апарат); б — пашыраныя схемы размяшчэння даільных станкоў для даільных залаў (1 — канвеернакальцавая, 2 — тыпу «Елачка», 3 — тыпу «Тандэм»).

т. 6, с. 9

ДАІ́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

прызначаны для мех. даення кароў пад дзеяннем створанага пад саском вакууму. Складаецца з 4 даільных стаканаў (надзяюцца на саскі і высысаюць малако), калектара (размяркоўвае вакуум і збірае малако са стаканаў), пульсатара (пераўтварае пастаянны вакуум у пераменны), вядра (бітона) або малакаправода. Бываюць з 1- і 2-камернымі (найб. пашыраны) стаканамі, 2- і 3-тактавыя. Пераменнае разрэджванне перадаецца па шлангу ў даільныя стаканы, па другім малочным шлангу малако паступае ў калектар. Ёсць Д.а. з пульсатарам і калектарам, аб’яднанымі ў адзін вузел (маюць адзін сумешчаны шланг).

Даільны апарат: а — схема апарата (1 —даільны стакан, 2 — калектар, 3 — пульсатар, 4 — бітон); б — рабочыя цыклы двухкамернага даільнага стакана (1 — ссанне, 2 — сцісканне, 3 — адпачынак).

т. 6, с. 10

ДА́ЙДЖЭСТ

(англ. digest літар. кароткі пераказ),

1) зборнік, асобы від часопіса, які перадрукоўвае матэрыялы з інш. выданняў у скарочаным і, як правіла, спрошчаным выглядзе.

2) Масавае выданне, якое змяшчае кароткі адаптаваны пераказ твораў маст. л-ры.

т. 6, с. 10

ДА́ЙЗЕНГОФЕР (Deisenhofer) Іаган

(н. 30.9.1943, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік і біяфізік. Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1971). З 1972 у Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1988 у Мед. ін-це Тэхаскага ун-та ў Даласе. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца рэакцыйным цэнтрам фотасінтэзу (1982, разам з Р.Губерам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 6, с. 10

ДА́ЙКА

(англ. dike, dyke літар. перашкода),

пліта або жылападобнае геал. цела ў трэшчынах зямной кары, абмежаванае паралельнымі плоскасцямі. Магутнасць Д. мяняецца ад долей да дзесяткаў метраў, працягласць ад 1 м да 500 км (напр., Вялікая Дайка ў Зімбабве). Адрозніваюць эндагенныя Д. (узніклі пры запаўненні шчылін зямной кары магмай) і экзагенныя Д. (шчыліны запоўнены асадкавым матэрыялам — т. зв. кластычныя Д.). Паводле тыпу размяшчэння бываюць Д. групавыя, радыяльныя і кальцавыя.

Да арт. Дайка. Адпрэпараваныя дэнудацыяй дайкі на схілах вулкана Этна на востраве Сіцылія.

т. 6, с. 10