ДАЗНА́ННЕ,
адна з формаў папярэдняга расследавання крымін. злачынстваў і правапарушэнняў. У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД ажыццяўляецца міліцыяй і інш. правамоцнымі органамі (дзярж. бяспекі, пажарнага нагляду, пагранічнай аховы, мытні і інш.). Адрозніваюць 2 віды Д.: па справах, папярэдняе следства па якіх абавязковае, і па справах, дзе яно не абавязковае. У першым выпадку орган дазнання ўзбуджае крымін. справу, праводзіць неадкладныя следчыя дзеянні па выяўленні слядоў злачынства і перадае справу следчаму. У другім Д. ўключае поўнае расследаванне справы; пры гэтым матэрыялы Д. з’яўляюцца падставай для разгляду справы ў судзе.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)