МАРЫНІ́ЗМ (італьян. marinismo),
літаратурны кірунак у еўрап. (пераважна італьян.) барока. Пачынальнік — італьян. паэт Дж.Марына. Адметныя рысы — пластычнасць, музыкальнасць, жывапіснасць дэталяў, мудрагелістая метафарычнасць, гульня слоў, парадаксальнасць мыслення, імкненне да складанай і дасканалай формы. Для М. характэрна таксама спалучэнне звышэмацыянальнасці з інтэлектуальнай перанасычанасцю, напружанай трагічнасці з геданізмам, рэзкая кантрастнасць, што вынікала з антынамічнасці светаўспрымання і вобразнага мыслення. Найб. вядомыя паэты-марыністы: К.Акіліні, Дж.Прэці, Дж.Артале. М. паўплываў на Дж.Дона і англ. паэтаў-кавалераў («каралінская школа»), на франц. прэцыёзную л-ру (В.Вуацюр, М. дэ Скюдэры), на л-ру ліберцінажу (Т. дэ Віо, С.Сірано дэ Бержэрак), на т.зв. другую сілезскую школу ў Германіі (К.Г. фон Гофмансвальдаў).
Г.В.Сініла.
т. 10, с. 159
МАРЫ́НКАВІЧ ((Marinković) Ранка) (н. 22.2.1913, в-аў Віс, Харватыя),
харвацкі пісьменнік. Чл. Югасл. і Сербскай акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Заграбскі ун-т (1936). У 1946—50 дырэктар Харвацкага нац. т-ра. З 1950 праф. Акадэміі тэатр. мастацтва ў Заграбе. Друкуецца з 1931. У зб-ках апавяд. «Проза» (1948), «Рукі», «Пад балконамі» (абодва 1953), «Прыніжэнне Сакрата» (1959), «Карнавал і іншыя апавяданні» (1964), раманах «Цыклоп» (1965), «Сумеснае купанне» (1980), п’есах «Глорыя» (1956), «Пустыня» (1981) і інш. маральна-філас. праблемы. Для яго твораў характэрна схільнасць да разгорнутай асацыятыўнасці, інтэлектуальных абагульненняў, неардынарных сітуацый, стварэння сімвалічна-гратэскавых вобразаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў А.Н.Марціновіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Югаслаўскія апавяданні. Мн., 1975;
Рус. пер. — у кн.: Колар С., Калеб В., Маринкович Р. Избранное. М., 1979.
І.А.Чарота.
т. 10, с. 159
МАРЫ́НЯК ((Maryniakowa) Ірэна) (н. 31.5.1931, Цехановец, Падляскае ваяв., Польшча),
польскі мовазнавец. Д-р гуманіт. н. (1974), д-р гуманіт. н. у галіне слав. мовазнаўства (1991), праф. (1998). Скончыла Варшаўскі ун-т (1956). З 1953 працавала ў Польска-сав. ін-це ў Варшаве. З 1957 у Ін-це славістыкі Польск. АН (з 1992 заг. аддзела бел. мовы). Даследуе лексікаграфію, грамат. сістэму мовы, дыялекталогію польскаўсходнеслав. пагранічча. Сааўтар «Вялікага руска-польскага слоўніка» (т. 1—2, 1970; 3-е выд. 1986—87), лексічнага «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 5—7, 1995—99), працы «Тэксты польскіх гаворак з рэгіёна даўніх паўночна-ўсходніх крэсаў» (1996) і інш. Вывучала мову і побыт старавераў, якія жывуць на тэр. Польшчы («Слоўнік гаворкі старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1980, з І.Грэк-Пабіс; «Сінтаксічныя функцыі інфінітыва ў пскоўскай гаворцы і ў гаворцы расіян-старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1982, і інш.).
А.С.Аксамітаў.
т. 10, с. 159
МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),
мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл. Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр. вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).
т. 10, с. 159
МАРЫТЭ́Н ((Maritain) Жак) (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),
французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.Лютэр, Ж.Ж.Русо, І.Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).
В.М.Пешкаў.
т. 10, с. 159
МАРЫУ́ПАЛЬ,
горад на Украіне, у Данецкай вобл. Засн. ў 1778. У 1948—89 наз. Жданаў. Нас. 504 тыс. ж. (1997). Порт на Азоўскім м., у вусці р. Кальміус. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Важны цэнтр металургічнай (2 камбінаты), маш.-буд. (з-ды цяжкага машынабудавання, «Электрабытпрыбор», суднарамонтны і інш.), хім. і коксахім. прам-сці. Прам-сць: харч. (мясны, рыбакансервавы камбінаты), лёгкая. Металургічны ін-т. Тэатр. Краязнаўчы і этнагр. музеі. Кліматычны і гразевы курорт. Каля горада Марыупальскі могільнік.
т. 10, с. 159
МАРЫУ́ПАЛЬСКІ МО́ГІЛЬНІК,
познанеалітычны могільнік 3-га тыс. да н.э. каля г. Марыупаль (Украіна). Даследаваў у 1930 М.Е.Макаранка. Выяўлена калектыўнае пахаванне (больш за 120 касцякоў), якое ўяўляла траншэю даўжынёй 28 м і шырынёй каля 2 м. Нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым становішчы, каля паловы іх было засыпана чырвонай вохрай. Знойдзены каменныя прылады працы, упрыгожанні з іклаў дзіка, ракавін, касцей і зубоў жывёлы, каменныя навершы булаў і інш.
т. 10, с. 159
МАРЫХУА́НА,
наркотык, які атрымліваюць з лісця і суквеццяў індыйскіх канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Экстракт канапель мае альдэгід канабінол, ад канцэнтрацыі якога залежыць адурманьванне. М. кураць, жуюць. М. выклікае інтаксікацыю арганізма, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі, парушэнні псіхікі і інш. Працяглае ўжыванне вядзе да дэградацыі асобы. Гл. таксама Наркаманія.
т. 10, с. 159
МАРЫ́ЦА,
рака на Пд Балгарыі; ніжняе цячэнне служыць мяжой паміж Грэцыяй і Турцыяй. Даўж. 525 км, пл. басейна каля 53 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Рыла, цячэ па Верхнефракійскай нізіне, прарываецца праз адгор’і Усх. Радопаў. Упадае ў Эгейскае м., утварае забалочаную дэльту. Асн. прыток — р. Тунджа (злева). Сярэдні расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. ГЭС. На М. гарады Плоўдзіў, Дзімітраўград (Балгарыя), Эдырне (Турцыя).
т. 10, с. 159
МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,
бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.
т. 10, с. 159