МАРЫ́НЯК ((Maryniakowa) Ірэна) (н. 31.5.1931, Цехановец, Падляскае ваяв., Польшча),
польскі мовазнавец. Д-р гуманіт. н. (1974), д-р гуманіт. н. у галіне слав. мовазнаўства (1991), праф. (1998). Скончыла Варшаўскі ун-т (1956). З 1953 працавала ў Польска-сав. ін-це ў Варшаве. З 1957 у Ін-це славістыкі Польск. АН (з 1992 заг. аддзела бел. мовы). Даследуе лексікаграфію, грамат. сістэму мовы, дыялекталогію польскаўсходнеслав. пагранічча. Сааўтар «Вялікага руска-польскага слоўніка» (т. 1—2, 1970; 3-е выд. 1986—87), лексічнага «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 5—7, 1995—99), працы «Тэксты польскіх гаворак з рэгіёна даўніх паўночна-ўсходніх крэсаў» (1996) і інш. Вывучала мову і побыт старавераў, якія жывуць на тэр. Польшчы («Слоўнік гаворкі старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1980, з І.Грэк-Пабіс; «Сінтаксічныя функцыі інфінітыва ў пскоўскай гаворцы і ў гаворцы расіян-старавераў, якія жывуць у Польшчы», 1982, і інш.).
А.С.Аксамітаў.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)