Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЛЬНІ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (20.11.1921, в. Заполле, Віцебскага р-на — 28.3.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). У Вял. Айч. вайну з 1941 кулямётчык партыз. атрада Д.​Ф.​Райцава (дзейнічаў на тэр. Суражскага р-на Віцебскай вобл.). Вызначыўся ў Курынскім баі 1942 28 сак.: прыкрываючы адыход атрада, агнём з кулямёта знішчыў дзесяткі гітлераўцаў, але акружаны ворагам, загінуў у рукапашным баі. У в. Лужасна яму пастаўлены помнік, у в. Блізніца — бюст.

М.Ф.Сільніцкі.

т. 14, с. 381

СІЛЬНО́ВА (Людка) (Людміла Данілаўна; н. 20.4.1957, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1979). З 1973 працавала на Маладзечанскай фабрыцы маст. вырабаў, БДУ, ва ўстановах асветы Уздзенскага р-на і г. Мінска, з 1986 у Нац. б-цы Беларусі. Друкуецца з 1985. У паэт. зб-ках «Ластаўка ляціць...» (1993) і «Зеленавокія воі і іх прыгажуні» (2001) роздум над лёсам жанчыны, тэмы паэта і паэзіі. Аўтар кніг «Рысасловы» (1994), «Агністыя дзьмухаўцы» (1997).

А.​В.​Спрынчан.

т. 14, с. 381

СІЛЬФО́Н (ад англ. фірменнай назвы Sylphon),

металічная танкасценная цыліндрычная трубка або камера з хвалепадобнымі гофрамі. Высокаадчувальны да змены ціску. Бываюць суцэльныя і зварныя.

Асн. характарыстыка — залежнасць паміж модулем сілы расцяжэння або сціскання, якое дзейнічае на С., і модулем дэфармацыі (прагіну). Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральных прыладах (напр., у дыферэнцыяльных манометрах, монаметрычных рэле), таксама як пругкія раздзяляльнікі асяроддзяў, гнуткія ўшчыльняльныя прыстасаванні, кампенсатары тэмпературных дэфармацый.

т. 14, с. 381

СІ́ЛЬЧАНКА (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 4.3.1954, пас. Чырвоны Свет Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. прававед. Д-р юрыд. н. (1994), праф. (1995). Скончыў Калінінградскі ун-т (1975). З 1982 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па праблемах тэорыі і гісторыі бел. дзяржаўнасці, мясц. самакіравання, заканатворчасці і развіцця прававых сістэм. Распрацаваў тэорыю вяршэнства закону ва ўмовах падзелу ўлад.

Тв.:

Закон: Пробл. этимологии, социологии и логики. Мн., 1993;

Беларуская дзяржаўнасць. Гродна, 1997 (разам з І.​А.​Басюком);

Проблемы законотворчества и развития правовых систем. Гродно, 1997 (у сааўт.);

Гісторыя мясцовага самакіравання на Беларусі. Гродна, 2000 (разам з Н.​В.​Місарэвіч).

І.​А.​Басюк.

т. 14, с. 381

СІМАБА́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

паўстанне ў Японіі ў 1637—38 на п-ве Сімабара (каля г. Нагасакі). Яго ўдзельнікамі былі сяляне, якіх еўрап. місіянеры схілілі да хрысціянства, таму С.п. набыло характар рэліг. руху. На задушэнне С.п. сёгунскі ўрад накіраваў 100-тыс. войска. Паўстанцы (каля 38 тыс. чал.) умацаваліся ў замку Хара, які быў захоплены пасля некалькіх месяцаў аблогі, амаль усе яго абаронцы забіты. С.п. стала падставай для поўнай забароны хрысціянства ў Японіі і ў далейшым — самаізаляцыі краіны.

т. 14, с. 381

СІМАКО́ЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў в. Сімакі Багушэўскага р-на Віцебскай вобл. ў ліп. 1941 — вер. 1943 (кіраўнікі А.​А.​Нахаеў, А.​Н.​Ляхоўская). Падпольшчыкі (20 чал.) збіралі зброю і боепрыпасы, трымалі сувязь і супрацоўнічалі з дэсантнай групай Чырв. Арміі (кіраўнік М.​А.​Кавалёў), распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. З чэрв. 1943 падполле дзейнічала ў кантакце з кіраўніцтвам партыз. брыгады А.​Ф.​Данукалава і Віцебскага патрыят. падполля. З-за пагрозы арышту падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

т. 14, с. 381

СІМАНАЙЦІ́ТЭ ((Símonaityté) Ева) (23.1.1897, в. Ванагай Клайпедскага пав., Літва — 27.8.1978),

літоўская пісьменніца. Нар. пісьменнік Літвы (1967). Друкавалася з 1914. Раманы «Лёс Шымонісаў» (1935, Дзярж. прэмія Літвы 1936), «Апошняе падарожжа Куняліса» (1971) пра трагічныя лёсы літоўцаў Клайпедскага краю, працэс анямечвання ў 18—19 ст., праблемы нац. самавызначэння. У аповесці «Пікчурнене» (1953), рамане «Вілюс Каралюс» (ч. 1—2, 1939—56, Дзярж. прэмія Літвы 1958) адлюстраваны грамадска-паліт. падзеі пач. 20 ст. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «...А было так» (1960), «У чужым доме» (1962), «Незавершаная кніга» (1965), кн. мемуараў «Блізкія гісторыі» (1968) і інш. Яе творам уласціва спалучэнне рэалізму з элементамі рамант. сімволікі, лірызму.

Тв.:

Рус. пер. — Буше и ее сестры. М., 1955;

Вилюс Каралюс. Кн. 1—2. Вильнюс, 1961;

Судьба Шимонисов. Вильнюс, 1985;

... А было так;

В чужом доме;

Неоконченная книга. М., 1973;

Последнее путешествие Кунялиса. М., 1974.

А.​П.​Лапінскене.

т. 14, с. 382

СІМАНАСЕ́КІ, Камон,

праліў паміж а-вамі Хонсю і Кюсю (Японія). Злучае Унутр. Японскае м. (Сета-Найкай) з Карэйскім прал. Даўж. 21 км, найменшая шыр. 600 м, найменшая глыб. на фарватэры 11 м. Праз С. пабудаваны аўтамабільны мост (1068 м), пад С. —2 тунэлі з чыгункамі. Парты: Сіманасекі, Кітакюсю, Модзі, Вакамацу, Какура.

т. 14, с. 382

СІМАНАСЕ́КІ,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю, каля праліва Сіманасекі. Каля 350 тыс. ж. (2001). Разам з г. Кітакюсю (в-аў Кюсю) утварае адзіны порт Камон. Берагі праліва злучаны 2 чыг. тунэлямі, аўтамаб. паромам і мостам. Прам-сць: трансп. машынабудаванне, у т. л. верфі; нафтаперапр., хім., цэм., рыбакансервавая. Цэнтр рыбалоўства.

т. 14, с. 382

СІМАНАСЕ́КСКІ ДАГАВО́Р 1895 Заключаны паміж Японіяй і Кітаем 17 крас. ў г. Сіманасекі (Японія) у выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—95. Паводле яго Кітай адмовіўся ад свайго сюзерэнітэту над Карэяй, перадаў Японіі а-вы Тайвань і Пэнхуледао, Ляадунскі п-аў, выплаціў Японіі кантрыбуцыю, адкрыў для яп. гандлю шэраг кіт. партоў, абавязаўся заключыць з Японіяй гандлёвы дагавор (падпісаны ў 1896, даў Японіі тыя ж прывілеі, што і еўрап. краінам). 23.4.1895 Расія, Германія і Францыя запатрабавалі ад Японіі адмовіцца ад анексіі Ляадунскага п-ва. Японія прыняла гэта патрабаванне ў абмен на павышэнне Кітаем кантрыбуцыі.

т. 14, с. 382