РЫНАСКАПІ́Я [ад грэч. rhis (rhinos), нос + skopeō гляджу],
даследаванне поласці носа (агляд яе сценак) пры розных захворваннях.
т. 13, с. 515
РЫНАСПАРЫДЫЁЗ,
хранічны мікоз жывёл і чалавека, які выклікае грыб рынаспарыдыум. У жывёл праяўляецца паліпознымі разрастаннямі на слізістай абалонцы поласці носа. На Р. хварэюць буйныя рагатыя жывёлы, коні, сабакі. Заражэнне аэрагеннае, пылавымі часцінкамі глебы і інш. У чалавека Р. бывае на слізістай абалонцы носа, гартані, вачэй, магчыма пашкоджанне ўнутр, органаў. Узбуджальнік трапляе ў арганізм праз пашкоджаныя слізістыя абалонкі. Лячэнне хірургічнае.
т. 13, с. 515
РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],
хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.
т. 13, с. 515
РЫ́НАЧНАЯ ВА́РТАСЦЬ,
вартасць тавараў і паслуг, у т. л. біржавых тавараў, фондавых каштоўнасцей і валюты, у кожны канкрэтны момант на рынку. Вызначацца на аснове попыту і прапаноў.
т. 13, с. 515
РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,
сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
А.І.Лучанок.
т. 13, с. 515
РЫ́НАЧНЫЯ ЦЭ́НЫ, раўнаважныя цэны,
цэны на тавары і паслугі, якія фарміруюцца пад уздзеяннем законаў попыту і прапаноў. У адрозненне ад дзярж. фіксаваных цэн Р.ц. складваюцца без непасрэднага ўмяшання дзярж. органаў. Дынаміка Р.ц. адлюстроўвае кан’юнктуру рынку, забяспечвае раўнавагу паміж попытам і прапановамі, прадухіляе дэфіцыт ці перавытворчасць тавараў і паслуг. Працэс пераходу ад дзярж. фіксаваных цэн да Р.ц. называюць лібералізацыяй цэн.
т. 13, с. 515
РЫНГ (англ. ring) баксёрскі, пляцоўка для правядзення паядынкаў па боксе. Мае квадратную форму, даўж. бакоў ад 4,9 м да 6,1 м, абмежаваных радамі канатаў або тросаў, нацягнутых паміж вуглавымі стойкамі. Падлога Р. ўкрыта мяккім насцілам з няслізкай паверхняй. Звычайна Р размешчаны на памосце, выш. 0,75—1,25 м з даўж. бакоў да 10 м. Канструкцыя Р. паходзіць з 1838, калі зацверджаны правілы «Лонданскага прызавога бокса».
А.У.Дзмітрыеў.
т. 13, с. 515
РЫ́НГЕРА РАСТВО́Р,
збалансаваны салявы раствор, блізкі паводле саставу і канцэнтрацыі іонаў да марской вады; адзін з фізіялагічных раствораў. Прапанаваны англ. фізіёлагам С.Рынгерам (1882). Выкарыстоўваецца, напр., як кровазаменнік у эксперыментах на жывёлах.
т. 13, с. 515
РЫ́НДА (ад англ. ring the bell звані ў звон),
своеасаблівы ўдар (у 3 тэмпы) у суднавы звон у момант дакладнага поўдня — 12 гадз. Памылкова Р. наз. і сам звон.
т. 13, с. 515
РЫ́НДА (ад стараж.-ўсх.-слав. рыдэль — рыцар, целаахоўнік, збраяносец),
воін прыдворнай аховы пры вял., князях і царах (у Расіі ў 16—17 ст.). Назначаліся з юнакоў шляхецкага паходжання. Удзельнічалі ў ваен. паходах, святочных выездах манархаў; на ўрачыстых прыёмах стаялі ў парадным адзенні з двух бакоў трона з бердышамі на плячы. Пасада Р. адменена ў 1698.
т. 13, с. 515