Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕЙСТО́Н (ад грэч. neustos які плавае),

сукупнасць мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што жывуць на мяжы воднага і паветр. асяроддзя, у зоне плёнкі паверхневага нацяжэння вады. Складаецца з арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады (эпінейстон) і ў падпаверхневым (на глыб. да 5 см) слоі (гіпанейстон). У складзе эпінейстона — клапы-вадамеркі, жукі-вертуны, павукі-даламеды, некат. віды мух і інш., сярод раслін — раска, сальвінія плаваючая і інш. У складзе гіланейстона пераважаюць бактэрыі, прасцейшыя, лічынкі планктонных і донных беспазваночных, дробныя лёгачныя малюскі, ікра, лічынкі і маляўкі рыб. На Беларусі Н. найб. багаты ў стаячых вадаёмах, затоках. Паводле якаснага і колькаснага складу Н. вызначаюць ступень і інтэнсіўнасць забруджвання вады (біяіндыкацыя).

т. 11, с. 275

НЕ́ЙТРА (Neutra) Рыхард Іозеф, гл. Нойтра Рыхард Іозеф.

т. 11, с. 275

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,

пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.С.Трубяцкой.

т. 11, с. 275

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. neutralisation ад лац. neuter ні той, ні іншы),

1) рэакцыя нейтралізацыі, хім. рэакцыя паміж к-той і асновай, узятымі ў стэхіяметрычных суадносінах; адзін са спосабаў сінтэзу солей. У водных растворах прыводзіць да ўтварэння солі і малекул вады за кошт злучэння іонаў гідраксонію і гідраксільных груп (напр., 2KOH+H2SO4 = K2SO4+2H2O ці ў іонным выглядзе Н++ОН​=Н2О). Ляжыць у аснове шэрагу метадаў цітраметрычнага аналізу. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы сцёкавых вод.

2) Працэс абясшкоджвання небяспечных адходаў прам-сці.

т. 11, с. 275

НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).

Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.

І.М.Таніева.

т. 11, с. 275

НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,

лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.Шамякін).

Літ.:

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

А.А.Гіруцкі.

т. 11, с. 276

НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],

мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 276

НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),

электранейтральная элементарная часціца са спінам ​1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікам у 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.

Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.

У.Р.Барышэўскі.

т. 11, с. 276

НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),

сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.

Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.

Літ.:

Изюмов Ю.А, Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;

Александров Ю.А, Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.

Г.І.Макавецкі.

т. 11, с. 276

НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.

т. 11, с. 276