Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗІ́НЦЭНГОФЕР

(Dientzenhofer),

сям’я архітэктараў, прадстаўнікоў чэшскага і паўд.-ням. барока. У Чэхіі працавалі Крыштаф (7.7.1655, Санкт-Маргарэтэн, каля г. Розенгайм, Германія — 20.6.1722), які ў 1703—11 пабудаваў фасад і неф царквы св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе, і яго сын Кіліян Ігнац (1.9.1689, Прага — 18.12.1751), аўтар шэрагу пластычна выразных пабудоў у Празе (віла «Амерыка», 1715—20; царква св. Мікулаша, 1732—35; палац Кінскіх, 1755—65, і інш.). Да ням. галіны сям’і належаць браты Крыштафа: Георг (11.8.1643, г. Бад-Айблінг, Германія — 2.2.1689) і Іаган Леанард (20.2.1660, Санкт-Маргарэтэн — 26.11.1707), якія працавалі ў Бамбергу; Іаган (25.5.1665, Санкт-Маргарэтэн — 20.7.1726) — аўтар урачыста-ўзвышаных цэркваў (сабор у Фульдзе, 1704—12; манастырская царква ў замку Банц, Баварыя, 1710—18) і палацаў у Померсфельдэне (1711—18).

К.Дзінцэнгофер, К.І.Дзінцэнгофер і інш. Царква св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе.

т. 6, с. 116

«ДЗІПРАЖЫЎМА́Ш», Дзяржаўны інстытут па праектаванні прадпрыемстваў машынабудавання Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1971 у Гомелі як філіял Кіеўскага ін-та «Дзіпрасельмаш». З 1978 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне новых і рэканструкцыя дзеючых прамысл. прадпрыемстваў і збудаванняў, аб’ектаў сац.-культ. прызначэння, экалагічных (ачышчальныя збудаванні, сан.-ахоўныя зоны), распрацоўка праектаў гранічна дапушчальных выкідаў.

т. 6, с. 116

«ДЗІПРАСЕЛЬБУ́Д», Дзяржаўнае навукова-даследчае прадпрыемства Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1945 у Мінску з мэтай распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і жыллёва-грамадзянскага буд-ва на вёсцы. Да 1958 наз. «Белсельпраект», з 1958 — «Белдзіпрасельбуд». У 1971 пераўтвораны ў н.-д. і праектны ін-т «БелНДІдзіпрасельбуд». З 1995 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: правядзенне навук. даследаванняў і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для аб’ектаў сац.-культ. прызначэння, вытв. і невытв. магутнасцей, жыллёвага буд-ва.

Л.А.Дацэнка.

т. 6, с. 116

«ДЗІПРАСУ́ВЯЗЬ», Дзяржаўнае праектнае і навукова-даследчае прадпрыемства Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 як Мінскі аддзел комплекснага праектавання ін-та «Дзіпрасувязь» (Масква). З 1970 Мінскае аддзяленне маск. ін-та «Дзіпрасувязь-1», з 1989 ін-т «Дзіпрасувязь-6» Мін-ва сувязі СССР, з 1992 Дзярж. ін-т па вышуканнях і праектаванні збудаванняў сувязі «Дзіпрасувязь». З 1996 сучасная назва. Вядучы н.-д. і праектны ін-т у галіне сувязі, галаўная арг-цыя па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі сродкаў сувязі на Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прадпрыемстваў і збудаванняў сувязі, правядзенне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні асобных відаў тэхнікі, сувязі, навук. забеспячэнне сістэмы стандартызацыі і сертыфікацыі тэхнікі сувязі, сертыфікацыя абсталявання электрасувязі.

М.М.Анісімаў.

т. 6, с. 116

ДЗІРА́К (Dirac) Поль Адрыен Марыс

(8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл. АН СССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл. Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;

Общая теория относительности. М., 1978;

Принципы квантовой механики. М., 1979.

Літ.:

Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр. М., 1990.

М.М.Касцюковіч.

П.Дзірак.

т. 6, с. 116

ДЗІРА́КА МАНАПО́ЛЬ.

тое, што манаполь магнітны.

т. 6, с. 117

ДЗІРА́КА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

квантава-механічнае рэлятывісцкае хвалевае ўраўненне руху для свабодных элементарных часціц са спінам ​1/2. Уведзена П.Дзіракам (1928) для апісання 1-й элементарнай часціцы — электрона, які падпарадкоўваецца адначасова законам квантавай механікі і спец. адноснасці тэорыі.

На падставе Дз. ў. прадказана 13-я антычасціца — пазітрон і дадзена тэарэт. абгрунтаванне спіна. Дз. ў. дало пачатак агульнай тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку ва універсальнай матрычнай форме (гл. Праектыўных аператараў метад). Выкарыстоўваецца для апісання лептонаў і кваркаў як першасных крыніц узаемадзеяння элементарных часціц (гл. Квантавая электрадынаміка, Квантавая хромадынаміка).

Літ.:

Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 6, с. 117

ДЗІ́РАЧНАЯ ЭЛЕКТРАПРАВО́ДНАСЦЬ,

праводнасць паўправадніка, у якім асн. носьбітамі зараду з’яўляюцца дзіркі. Існуе, калі канцэнтрацыя акцэптараў перавышае канцэнтрацыю донараў. Наз. таксама праводнасцю р-тыпу. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

ДЗІ́РКА ў фізіцы цвёрдага цела,

квазічасціца ў паўправадніку, дыэлектрыку ці метале, звязаная з незанятым электронам квантавым станам у валентнай зоне. Пад уздзеяннем знешніх эл. і магн. палёў паводзіць сябе як часціца з дадатным зарадам, роўным па абсалютнай велічыні зараду электрона. Эфектыўная маса Дз. большая, а рухомасць меншая, чым у электрона праводнасці. Дз. разам з электронамі вызначаюць дынамічныя ўласцівасці крышталёў. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

ДЗІРЫХЛЕ́ (Dirichlet) Іаган Петэр Густаў

(13.2.1805, г. Дзюрэн, Германія — 5.5.1859),

нямецкі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1837) і чл. Парыжскай (1854) АН, чл. Берлінскай АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1855). Праф. Берлінскага (1831—55), Гётынгенскага ун-таў (з 1855). Навук. працы па тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, матэм. фізіцы. Даказаў тэарэму пра існаванне бясконца вялікай колькасці простых лікаў у кожнай арыфметычнай прагрэсіі з цэлых лікаў, першы член і рознасць якой — лікі ўзаемна простыя. Сфармуляваў і даследаваў паняцце ўмоўнай збежнасці шэрагу, устанавіў прыкмету збежнасці шэрагу (прыкмета Дз.); даказаў магчымасць раскладання ў шэраг Фур’е функцыі, якая мае канечную колькасць максімумаў і мінімумаў (інтэграл Дз.).

Літ.: Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974.

т. 6, с. 117