«ДЗІПРАСУ́ВЯЗЬ», Дзяржаўнае праектнае і навукова-даследчае прадпрыемства Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 як Мінскі аддзел комплекснага праектавання ін-та «Дзіпрасувязь» (Масква). З 1970 Мінскае аддзяленне маск. ін-та «Дзіпрасувязь-1», з 1989 ін-т «Дзіпрасувязь-6» Мін-ва сувязі СССР, з 1992 Дзярж. ін-т па вышуканнях і праектаванні збудаванняў сувязі «Дзіпрасувязь». З 1996 сучасная назва. Вядучы н.-д. і праектны ін-т у галіне сувязі, галаўная арг-цыя па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі сродкаў сувязі на Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прадпрыемстваў і збудаванняў сувязі, правядзенне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні асобных відаў тэхнікі, сувязі, навук. забеспячэнне сістэмы стандартызацыі і сертыфікацыі тэхнікі сувязі, сертыфікацыя абсталявання электрасувязі.

М.М.Анісімаў.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)