Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІВАНЧО́НКАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 28.9.1940, г. Іванцееўка Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1982). Герой ГДР (1978), лётчык-касманаўт СССР (1978). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1964). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. 15.6—2.11.1978 з У.В.Кавалёнкам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6», да якой у час палёту прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», КК «Саюз-30» (экіпаж П.А.Клімук, М.Гермашэўскі), «Саюз-31» (В.Ф.Быкоўскі, З.Ен). Вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31». 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і Ж.Л.Крэцьенам здзейсніў палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж А.М.Беразавой, В.В.Лебедзеў), з прыстыкаваным да яе КК «Саюз Т-5». У космасе правёў 147,53 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.

т. 7, с. 156

ІВА́НЬ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі сярэдневякоўя на месцы паселішча мілаградскай культуры, каля в. Івань Слуцкага р-на Мінскай. Знойдзены абломкі керамікі, жал. нажы, сярпы, наканечнікі кап’я і стрэл, бронзавыя падвескі, фібула, шкляныя пацеркі і інш. З 3-й чвэрці 1 ст. і ў 12—13 ст. гарадзішча, відаць, выкарыстоўвалася як сховішча для насельніцтва.

Касцяное дзяржанне з цыркульным арнаментам з гарадзішча Івань.

т. 7, с. 156

ІВАНЬКО́ВА (Валянціна Уладзіміраўна) (н. 26.9.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1987 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Работам уласцівы дэкар. пластычнасць кампазіцыі, мякка-лірычная каляровая гама. Аўтар манум. пано «Гасціннасць» (1987—88, Палац культуры саўгаса «Рудакова» Віцебскага р-на), «Купалле» (1989, Магілёўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых). Сярод твораў дэкар. скульптуры «Мір» (1986), «Дыялог», «Стварэнне свету», «Мацярынства» (усе 1996), «Міфатворчасць» і «Выгнанне» (абедзве 1997), серыі ваз, медалёў і дэкар. пластоў.

В.Іванькова. Дэкаратыўнае пано «Купалле». 1989.

т. 7, с. 156

ІВА́НЬСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1838—81 у маёнтку Івань (цяпер вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл.). Цукар выраблялі з буракоў. У 1868 працавала 105 чал. У 1877 дзейнічалі паравы рухавік, 2 гідраўлічныя прэсы, цёрка.

т. 7, с. 156

ІВАНЮ́К (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 23.7.1941, в. Мяфёдавічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992), д-р біял. н. (1982), праф. (1992). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т імя Пушкіна (1964). З 1964 у Бел. НДІ бульбаводства і агародніцтва (у 1986—89 заг. аддзела імунітэту раслін), з 1989 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па біялогіі ўзбуджальнікаў грыбных і бактэрыяльных хвароб с.-г. культур, распрацоўцы метадаў кантролю і прагнозу мікраэвалюцыі фітапатагенаў, сістэмы кіравання фітасан. сітуацыяй на бульбе і агароднінных культурах, метадах іх селекцыі з комплекснай устойлівасцю да хвароб. Сааўтар сорту бульбы Дабро, памідораў Ружа, Віліна, Калінка і Аранж.

Тв.:

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988 (у сааўт);

Болезни и вредители овощных культур. Мн., 1994 (у сааўт).

У.Р.Іванюк.

т. 7, с. 156

ІВА́Н-ды-МА́Р’Я,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Братаўка.

т. 7, с. 150

ІВА́Н-ЧАЙ,

расліна, гл. ў арт. Скрыпнёвыя.

т. 7, с. 155

ІВА́Н І Данілавіч Каліта (да 1296—31.3.1340),

князь маскоўскі (з 1325), вялікі князь уладзімірскі (з 1328). Сын маскоўскага князя Данілы Аляксандравіча, унук Аляксандра Неўскага. Уплыву І. I у рус. землях садзейнічаў пераезд у Маскву з Уладзіміра мітрапаліта Пятра (1325). За ўдзел у задушэнні антыардынскага паўстання ў Цверы (1327) атрымаў у 1328 ад хана Узбека грамату (ярлык) на частку тэр. Уладзімірскага вял. княства і права княжыць у Ноўгарадзе. Заклаў паліт., эканам. і юрыд. перадумовы тэр. росту і ўзмацнення Маскоўскага вял. княства. Значна папоўніў сваю казну (адсюль прозвішча «Каліта» — «кашэль», «сумка»).

т. 7, с. 146

ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),

безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).

А.В.Іоў.

т. 7, с. 146

ІВА́Н УДО́ВІН СЫН, Іван Падвей,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, юнак-асілак. Сын царскай дачкі, якая нарадзіла яго ад падвею (ветру). Валодае незвычайнай сілаю, вял. розумам і маладзецкай адвагаю. Гераічныя рысы ў вобразе спалучаюцца настолькі цэласна, што ён становіцца падобным на быліннага героя-асілка. Казкам пра яго ўласціва вострая сац. накіраванасць: асілак змагаецца з царом (Змеем, Кашчэем) і інш. прыгнятальнікамі. Вобраз І.У.с. сустракаецца ў бел., рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.Р.Бараг.

т. 7, с. 146