Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАКАПЕ́НКА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 17.12.1923, в. Гейдзіна Аляксандраўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі аўтадарожны ін-т (1951). З 1952 дырэктар МТС, старшыня Плешчаніцкага райвыканкома, 1-ы сакратар Старобінскага райкома КПБ, сакратар Мінскага абкома КПБ. З 1976 у Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (у 1976—85 дырэктар). Навук. працы па праблемах навук.-тэхн. прагрэсу, эфектыўнасці, рэнтабельнасці і спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацаваў тэарэт. асновы, механізм фарміравання і кіравання якасцю с.-г. прадукцыі ў рыначных умовах.

Тв.:

Специализация и рентабельность сельскохозяйственного производства. Мн., 1972;

Экономические проблемы качества сельскохозяйственной продукции. М., 1980;

Агропром: науч.-технич. прогресс и качество. Мн., 1988.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЕ́НКА (Станіслаў Іванавіч) (н. 8.1.1939, в. Кляпін Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Канд. эканам. н. (1989). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1975 у Гомелі: дырэктар з-да пластмасавых вырабаў, з-да сантэхабсталявання, ВА «Белэмальпосуд», з-да пускавых рухавікоў. З 1990 нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 1992 ген. дырэктар «Гомсельмаша». З 1955 прарэктар Гомельскага тэхн. ун-та імя П.​В.​Сухога. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. развіцця, рыначных адносін і занятасці насельніцтва.

Тв.:

Практикум по экономике производства и нормированию труда. Мн., 1994;

Рынок труда и занятость населения. Мн., 1995 (у сааўт.);

Основы рыночной экономики. Мн., 1993 (разам з У Дз.​Арэшчанкам, А.​Д.​Янушкам).

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 544

ПРАКАПО́ВІЧ (Ігар Міхайлавіч) (н. 9.12.1960, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў БДУ (1985). З 1986 настаўнічае ў Паставах. Друкуецца з 1986. У вершах (зб-кі «Рэха малітваў», 1993; «Намагнічаны космас», 1996; «Шляхі наканаванага бязмежжа», 1999) — боль за знявечаную Чарнобылем Беларусь, узрушанасць, задушэўнасць, разважлівасць, трывога за знішчэнне зямнога хараства, заклікі любіць родную зямлю. Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000), артыкулаў па гісторыі і геаграфіі Пастаўскага р-на, школьнага краязнаўства, апавяданняў і п’ес. Піша і выконвае бардаўскія песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 544

ПРАКАПО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 1.11.1948, в. Пугачова Брэсцкага р-на, цяпер у межах Брэста),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1970). Настаўнічаў, працаваў на радыё і тэлебачанні. З 1984 сакратар Брэсцкага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1994 працуе на Брэсцкай студыі тэлебачання.

Друкуецца з 1966. Зб-кі «Неад’емнае» (1982), «На кругі свае» (1986), «Мяжа надзеі» (1993) пра дабрыню, сяброўства, каханне, гісторыю роднага народа, клопат пра захаванне прыроды, складаныя праблемы сучаснасці.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЦО́ВА (Вера Паўлаўна) (н. 29.1.1947, Мінск),

бел. музыказнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (2000), праф. (1997). Дачка П.Б.Масленікава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1970; да 1972 там канцэртмайстар). З 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1979 заг. кафедры Бел. ун-та культуры. Навук. працы па гісторыі і тэорыі маст. адукацыі ў Беларусі, бел. масавай песні, ролі музыкі ў эстэт. выхаванні Аўтар мастацтвазнаўчых прац, у т. л. вучэбных дапаможнікаў.

Тв.:

Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Фартэпіянныя мініяцюры беларускіх кампазітараў. Ч. 1—2. Мн., 1994—96 (у сааўт.);

Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЦО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 8.8.1953, в. Жгунская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1984). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1975). З 1980 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1986 у СМ Беларусі, з 1998 дырэктар Нац. маст. музея Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва. Аўтар прац: «Нінель Шчасная» (1984; у сааўт.), «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), «Мікалай Рыжанкоў» (1989), уступных артыкулаў да альбомаў «Уладзімір Масленікаў» (1995), «Леанід Дударэнка» (1998), раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Сярод твораў: «М.​Багдановіч. Апошні санет паэта» (1985), «Present Indefinite», «Мроі Нясвіжскага парку», «Маіх чаўноў скрыпучая туга» (усе 1997), «В.​К.​Бялыніцкаму-Бірулі. Мелодыя адыходзячай ночы» (1998), «Ноч юнага мая», «Адам Міцкевіч. Боль паэта» (абодва 1999), «Успаміны аб паланэзе» (2000), «Нараджэнне дня» (2001).

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (16.7.1896, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.4.1970),

бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р мед. н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 у клініцы скурных і венерычных хвароб БДУ, з 1931 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1932—38 і 1945—63 у Бел. скурна-венералагічным НДІ (дырэктар). Навук. працы па марфалогіі запаленчых працэсаў скуры, абмене рэчываў, прафілактыцы, дыягностыцы, ужыванні радыеактыўных ізатопаў і стэроідных гармонаў пры скурных і венерычных хваробах. Распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырв. ваўчанкі акрыхінам.

Тв.:

Лечение красной волчанки акрихином. Мн., 1939;

Гнойные заболевания кожи. Мн., 1952.

А.Я.Пракапчук.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЧУ́К (Мікалай Раманавіч) (н. 7.2.1948, г. Магілёў),

бел. фізікахімік, стваральнік бел. навук. школы па прагназіраванні ўласцівасцей палімерных матэрыялаў. Д-р хім. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1992 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па хіміі высокамалекулярных злучэнняў, хім. тэхналогіі і тэхналогіі перапрацоўкі палімераў. Распрацаваў асновы новага кірунку ў прагназіраванні ўласцівасцей палімерных матэрыялаў, метады сінтэзу поліамідакіслот. Прапанаваў спосаб атрымання поліімідных супервалокнаў, экспрэс-метады прагназіравання даўгавечнасці гумы і пластмас.

Літ.:

Салдатаў У.С. Хімія высокамалекулярных злучэнняў // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1998. №4.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 545

ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),

мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л. архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб. стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 545

ПРАКА́Т,

адзін з відаў маёмаснага найму, калі спецыялізаваныя арг-цыі даюць грамадзянам у часовае карыстанне за адпаведную плату прадметы хатняга ўжытку, спарт. інвентар і інш. маёмасць.

т. 12, с. 545