Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПАЛАТНЯ́НАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1814—31 у г. Гомель. У 1814 працаваў 61 чал.; мела 32 ткацкія станкі, выраблена 14 545 аршынаў палатна.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «8 САКАВІКА́».

Засн. ў 1926 у Гомелі як трыкатажная майстэрня па вытв-сці панчошна-шкарпэткавых вырабаў. З 1930 Гомельская панчошна-трыкатажная ф-ка «8 Сакавіка», мела швейны, вязальна-трыкатажны цэхі і лабараторыю моды, выпускала шаўковую і баваўняную бялізну, джэмперы. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў г. Чкалаў (цяпер Арэнбург, Расія). У 1946 адноўлена. З 1992 сучасная назва. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне лёгкай прам-сці. Выпускае больш за 400 найменняў прадукцыі жаночага асартыменту. У 1993 узнагароджана міжнар. прэміяй у конкурсе за якасць прадукцыі.

т. 5, с. 342

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.

Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.

Дз.С.Трызна.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА «ПАЛЕСДРУ́К».

Створана ў 1921 пад назвай «Палескі друк» у выніку аб’яднання 1-й Дзярждрукарні, «Гомдруку» і «Гомгазеты». З 1932 наз. друкалітаграфія і карданажная ф-ка «Палесдрук». У 1941 эвакуіравана ў г. Краснакамск Пермскай вобл. У 1944 аднавіла дзейнасць у Гомелі. З 1946 наз. Гомельская друкарня і карданажна-мяшэчкавая ф-ка «Палесдрук», у 1953—60 рэканструявана. Яе філіялы з 1977 Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя друкарні. Асн. Прадукцыя (1997): агульныя сшыткі, дзённікі школьныя, сшыткі для нот, малявання, касы лічбаў і складоў, запісныя кніжкі, блакноты, альбомы і інш.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».

У.І.Лемяшонак.

т. 5, с. 337

ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназія засн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед.вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.А.Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.Е.Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.С.Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.А.Эльяшава і А.Я.Сыркінай.

Г.Сянькевіч.

т. 5, с. 349

ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.

Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац. эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач. вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач. студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.

В.М.Лебедзева.

т. 5, с. 349

ГО́МЕЛЬСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ФА́БРЫКІ.

Два самастойныя прадпрыемствы ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1898, працавала 80 рабочых. Другое дзейнічала ў 1913—14 (100 чал.), вырабіла дошак, шпунтавога вагоннага матэрыялу і інш. на 200 тыс. руб.

т. 5, с. 349

ГО́МЕЛЬСКІЯ РАГО́ЖНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Прадстаўлены 2 самаст. рамесніцкімі прадпрыемствамі ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1893—1905, у 1895 працаваў 81 чал., у 1900 — 48 чал. На другім (1894—1900) у 1900 працавала 80 чал., якія вырабілі прадукцыі на 15,3 тыс. руб.

т. 5, с. 349