ВІГАНО́ (Vigano) Сальваторэ
(25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.
т. 4, с. 139
ВІГВА́М,
жыллё індзейцаў Паўн. Амерыкі — купалападобнае, на каркасе з тонкіх ствалоў ці жэрдак, накрытых галінкамі, карой, цыноўкамі.
т. 4, с. 139
ВІГДО́РЧЫК Мікалай
(Натан) Абрамавіч (16.11.1874, Мінск — 24.5.1954),
рэвалюцыянер, удзельнік І з’езда РСДРП. Засл. дз. нав. РСФСР (1947). Праф. (1935). Скончыў Кіеўскі ун-т (1898). У 1894—98 удзельнік с.-д. руху ў Кіеве, адзін з кіраўнікоў групы «Рабочая справа» і кіеўскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». Рэдактар першых нумароў нелегальнай с.-д. «Рабочей газеты». У 1899 арыштаваны, у 1902 сасланы на 3 гады ў Сібір. У 1924 арганізаваў Ін-т прафес. хвароб (Петраград). Аўтар прац па прафес. гігіене і сац. страхаванні.
М.В.Біч.
т. 4, с. 139
ВІ́ГЕЛАН (Vigeland) Адольф Густаў
(11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Літ.:
Strang R. Th. G. Vigeland, Oslo, 1969.
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 139
ВІ́ГІ,
1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш. паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.
2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.
т. 4, с. 139
ВІ́ГНЕР (Wigner) Юджын
(Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.
Тв.:
Рус. пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.Вейнбергам);
Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;
Этюды о симметрии. М., 1971.
т. 4, с. 139
ВІГО́ (Vigo) Жан
(22.4.1905, Парыж — 5.10.1934),
французскі кінарэжысёр. Скончыў літ. ф-т Сарбоны. У дакумент. фільме «З нагоды Ніццы» (1929) і стужцы «Нуль за паводзіны» (1933) поруч з сатыр. выкрываннем праявілася імкненне да паэтызацыі свету. Уменне Віго на аснове карцін паўсядзённага побыту рабіць складаныя філас. абагульненні найб. поўна выявілася ў фільме «Аталанта» (1934). Творчая спадчына Віго невялікая, але яна значна паўплывала на развіццё франц. кіно ў 1930—50-я г. З 1951 у Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Віго.
Літ.:
Жан Виго.: Пер. с фр. М., 1979.
т. 4, с. 139
ВІГО́НЬ
(франц. vigogne),
1) рыхлая пушыстая пража з сумесі бавоўны ці яе адходаў i шарсцяных ачоскаў.
2) Тканіна з такой пражы.
т. 4, с. 140
ВІГУ́РСКАЯ Галіна Васілеўна
(28.6.1909, с. Юлінцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1.8.1990),
украінская перакладчыца, літ.-знавец. Скончыла ін-т педагогаў для дашкольнікаў пры Кіеўскім ун-це (1936). Даследавала ўкр.-бел. літ. і культ. ўзаемасувязі. Пераклала на ўкр. мову асобныя творы Я.Коласа, П.Броўкі, М.Гарэцкага, У.Карпава, І.Шамякіна, М.Лынькова, В.Быкава, І.Мележа, Я.Брыля, п’есы К.Крапівы, В.Вольскага і інш.
т. 4, с. 140
ВІД,
асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віда ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віда ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віда і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.
т. 4, с. 140