Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІЛІКА́ТЫ (ад лац. silex крэмень),

солі крэмніевых кіслот. У прыродзе пашыраны ў выглядзе мінералаў (гл. Сілікаты прыродныя).

Прыродныя С. і іх сінт. аналагі звычайна даволі тугаплаўкія рэчывы (tпл 1000—1300 °C, часам да 2000 °C і вышэй), маюць высокую цвёрдасць (6—8 па шкале Моаса). За выключэннем С. шчолачных металаў практычна нерастваральныя ў вадзе, інертныя ў растворах мінер кіслот (акрамя фторыставадароднай к-ты) і шчолачаў. Раскладаюцца расплавамі карбанатаў і гідраксідаў шчолачных металаў. Расплавы многіх С. цвярдзеюць у выглядзе шкла. Сінт. С. атрымліваюць награваннем сумесей аксідаў крэмнію і адпаведных металаў, гідратэрмальным сінтэзам, асаджэннем з раствораў і газавай фазы, крышталізацыяй з расплаваў. Пры вытв-сці сілікатных матэрыялаў (цэмент, шкло, буд. кераміка) звычайна выкарыстоўваюць керамічны, ці абпальны, спосаб сінтэзу — спяканне прыроднай мінер. сыравіны (гліна, кварцавы пясок, тальк і інш.) з карбанатамі (часам з сульфатамі). Сінт. С. выкарыстоўваюць як адсарбенты і носьбіты каталізатараў, С. шчолачных металаў (пераважна калію і натрыю) — у вытв-сці клею, фарбаў (гл. Сілікатны клей, Сілікатныя фарбы), розных замазак, у мылаварэнні. Гл. таксама Алюмасілікаты.

А.​П.​Чарнякова.

т. 14, с. 379

СІЛІКАТЫЗА́ЦЫЯ ГРУНТО́Ў,

хімічны спосаб замацавання грунтоў шляхам нагнятання ў іх хім. рэагентаў: раствораў сілікату натрыю (вадкае шкло), хларыду кальцыю і інш. Выкарыстоўваюцца для надання грунтам трываласці і воданепранікальнасці.

т. 14, с. 379

СІЛІКА́ТЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

прыродныя хім. злучэнні, крышт. рашоткі якіх утрымліваюць крэменекіслародныя тэтраэдры SiO4; клас пародаўтваральных мінералаў. Складаюць больш за 75% аб’ёму зямной кары, каля 95% вывергнутых парод. Уключаюць больш за 700 мінералаў (25% усіх мінер. відаў), у т. л. пародаўтваральныя: амфіболы, палявыя шпаты, піраксены, слюды і інш. Паводле тыпаў злучэння SiO4-тэтраэдраў і ўтварэння крышт. структур вылучаюць С.п.: астраўныя, кальцавыя, ланцужковыя, стужачныя, слаістыя і каркасныя. Паводле саставу падзяляюцца на алюма-, бора-, тытана-, цыркона-, ніобасілікаты і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (да 45%), рамбічнай (20%), трыкліннай (9%), тэтраганальнай (7%), трыганальнай і гексаганальнай (10%) і кубічнай (9%) сінганіях. Звычайна белыя, бясколерныя; з прымессю марганцу, жалеза, тытану, медзі, ванадыю і інш. — розных колераў. Бляск шкляны да алмазнага. Шчыльн. 2—6,5 г/см³. Цв. 1—8. Многія С.п. валодаюць кіслотатрываласцю і высокай т-рай плаўлення. Утвараюцца ў магматычных, метамарфічных, метасаматычных пародах, у пегматытах, а таксама пры гідратэрмальных працэсах і выветрыванні. С.п. — руды многіх металаў (нікелю, алюмінію, берылію, літыю, цэрыю, гафнію і інш.), выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (слюды, азбест, сіліманіт, кіяніт, алівін, тальк і інш.), ювелірнай і вырабной справах (аквамарын, ізумруд, гранаты, нефрыт, раданіт і інш.), буд-ве (гліна, пясок, друз, бутавы камень).

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 379

СІЛІКАТЭРМІ́Я,

гл. ў арт. Металатэрмія.

т. 14, с. 379

СІЛІКО́З (ад лац. silex крэмень),

захворванне лёгкіх, якое развіваецца пры ўдыханні пылу з утрыманнем свабоднага двухвокісу крэмнію; найб. пашыраны і цяжкі від пнеўмаканіёзу. У рабочых гарнаруднай, машынабуд. прам-сці, тых, хто працуе на вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, апрацоўцы граніту, прафесійная хвароба. Прыкметы С.: задышка, кашаль (сухі і вільготны), боль у грудзях. Лячэнне комплекснае.

т. 14, с. 379

СІЛІКО́НАВАЕ МА́СЛА,

тое, што крэмнійарганічныя вадкасці.

т. 14, с. 379

СІЛІКО́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,

тое, што крэмнійарганічныя каўчукі.

т. 14, с. 379

СІЛІКО́НЫ,

тое, што поліарганасілаксаны; гл. Крэмнійарганічныя палімеры.

т. 14, с. 379

СІЛІ́СТРА, Сілістрыя,

горад на ПнУ Балгарыі. Узнік як стараж.-рым. паселішча і крэпасць Дурасторум. Да канца 14 наз. Дарастол. Каля 80 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, чыг. ст., порт на р. Дунай. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць электронна-выліч. тэхнікі і станкоў; харчасмакавая (мясная, мукамольная, кансервавая, вінаробчая), тэкст., дрэваапрацоўчая. Захаваліся рым. грабніца 4 ст. з насценнымі размалёўкамі, рэшткі руін рым. крэпасці. Рэзерват вадаплаўных птушак, у т. л. пеліканаў.

т. 14, с. 379

СІЛІЦЫ́ДЫ,

злучэнні крэмнію з металамі. Паводле тыпу хім. сувязі адрозніваюць іонна-кавалентныя (С. шчолачных і шчолачназямельных металаў, а таксама С. магнію Mg2Si) і металападобныя (С. пераходных металаў). Пашыраны С. саставаў (М — метал): MSi (напр., FeSi, TiSi); MSi2 (FeSi2, NiSi2, CrSi2); M2Si (Ni2Si, Co2Si) і некат. інш.

Крышт. рэчывы з метал. бляскам, звычайна серабрыста-белага ці шэрага колеру. С. шчолачных і шчолачназямельных металаў раскладаюцца вадой, узаемадзейнічаюць з к-тамі і растворамі шчолачаў, пры награванні ў паветры загараюцца. С. пераходных металаў тугаплаўкія (напр., С. ванадыю V5Si3 мае tпл 2450 °C), не раствараюцца ў к-тах, раскладаюцца растворамі шчолачаў, стойкія да акіслення, што абумоўлена ўтварэннем на іх паверхні плёнак сілікатаў. Асн. метад атрымання С. — спяканне ці сплаўленне крэмнію з металамі. Выкарыстоўваюць як кампанент керметаў і гарачаўстойлівых сплаваў, у хім. машынабудаванні для абліцоўкі рэактараў, мяшалак і інш. апаратуры, дысіліцыды хрому, марганцу, кобальту і некат. інш. як паўправадніковыя матэрыялы, што працуюць пры высокіх т-рах.

т. 14, с. 379