Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭДКАЛЕ́ССЕ,

лясное згуртаванне з рэдкім нізкарослым дрэвастоем, якое не ўтварае злучанага полага. Утвараецца ва ўмовах недастатковага ўвільгатнення ці нізкай т-ры. Вылучаюць Р. лесатундравае (яловае, лістоўнічнае, бярозавае), ксерафітнае (саксаульнікі, фісташнікі, арчэўнікі), субальпійскае і балотнае. На Беларусі Р. хвоі звычайнай пашыраны на Пн, дзе сканцэнтраваны буйныя масівы верхавых балот (Ельня, Жала, Мох і інш.).

М.​В.​Ярмохін.

т. 13, с. 552

РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,

рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:

Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.​Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).

В.​П.​Рагойша

т. 13, с. 552

РЭ́ДКІ,

бел. казачнік 19—пач. 20 ст. з в. Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. У 1890—1901 ад яго нібыта запісаў 38 казак А.К.Сержпутоўскі. (Некат. даследчыкі лічаць, што Р. — сам Сержпутоўскі.) У традыц. сюжэтах Р. сустракаецца вобразнае апісанне прыроды і псіхал. стану дзейных асоб, праблемы сац. няроўнасці, узаемаадносін сялян з панамі. Склаў казку «Асілак», у якой адбіліся настроі сялян напярэдадні рэвалюцыі 1905—07. Казкі «Прошча», «Мужык і пан», «Іванка-прастачок» і інш. вылучаюцца сац. вастрынёй.

Тв.:

У кн.: Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. Мн., 1999. У кн.: Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Мн., 2000.

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984.

т. 13, с. 552

РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал. прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.

т. 13, с. 552

РЭ́ДКІЯ І ЗНІКА́ЮЧЫЯ ВІ́ДЫ,

жывёлы і расліны, якія сустракаюцца ў невялікай колькасці, на абмежаванай плошчы і якім пагражае небяспека вымірання. Уключаюцца ў Міжнар, або нац. Чырвоныя кнігі, з’яўляюцца ахоўнымі жывёламі і ахоўнымі раслінамі. Для аховы і ўзнаўлення папуляцый Р. і з.в. выдзяляюцца прыродныя тэр. з розным рэжымам аховы — запаведнікі, нац. паркі, заказнікі і г.д., прымаюцца заканадаўчыя акты на нац. і міжурадавых узроўнях, заключаюцца міжнар. пагадненні.

Паводле класіфікацыі, прапанаванай у Чырв кнізе МСАП, усе Р. і з.в. для вызначэння стану папуляцыі і аховы падзелены на 5 катэгорый: 1-я — знаходзяцца пад пагрозай знікнення і выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спец. мер; 2-я — колькасць адносна высокая, але хутка скарачаецца; 3-я — колькасць стабільная, але невысокая, могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя; 4-я — колькасць і стан не вызначаны; 5-я — адноўленыя, але не падлягаюць прамысл, выкарыстанню, за папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.

На Беларусі пад уплывам антрапагенных фактараў за апошнія 100—150 гадоў зніклі шматлікія расліны і жывёлы, у т. л. ядрушка духмяная, рабчык рускі, адоніс вясновы, шпажнік балотны, лён жоўты, сярэднееўрап. лясны кот, хахуля, ружовы пелікан, коўпіца, стрэпет, бялуга, балт. і рус. асятры, кумжа, ласось, сіг і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі (выд. ў 1993) уключаны 182 віды жывёл, 180 — раслін, 17 — грыбоў, 17 — лішайнікаў. Вял. колькасць Р. і з.в. жывёл Беларусі (асабліва птушак) маюць міжнар, і еўрап. ахоўны статус, занесены ў Чырв. кнігу МСАП, у т. л. белавежскі зубр, сапсан, вяртлявая чарацянка, белавокі нырок.

В.​І.​Кіцікаў.

т. 13, с. 552

РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).

Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.

Літ.:

Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.

т. 13, с. 553

РЭ́ДЛІХ (Вера Паўлаўна) (12.4.1894, с. Мікалаеўка Сумскага р-на, Украіна — 21.2.1992),

расійская і бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1956). Праф. (1966). Вучылася ў тэатр. школе пры Маск. маст. т-ры (МХТ; 1914—17), у 2-й студыі МХТ. Працавала ў т-рах Яраслаўля, Уладзівастока, з 1932 рэжысёр, з 1943 гал. рэжысёр т-ра «Чырвоны факел» (Новасібірск). У 1960—65 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. Адначасова з 1960 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Сцвярджаючы рэалізм у тэатр. мастацтве, дасягала глыбокай і тонкай характарыстыкі вобразаў, праўдзівага раскрыцця псіхалогіі і пачуццяў сцэн. герояў. Асаблівую ўвагу аддавала акцёрскай творчасці, цэласнасці ансамбля. Сярод лепшых пастаўленых спектакляў: «Зыкавы» (1944), «Апошнія» (1948) М.​Горкага, «Звычайны чалавек» Л.​Лявонава (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Чайка» А.​Чэхава (абодва 1952), «Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага (1956), «Барабаншчыца» А.​Салынскага (1959) і інш.; у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Дванаццатая гадзіна» А.​Арбузава, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна (абодва 1961), «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Вернасць» («Чорныя птушкі») М.​Пагодзіна (абодва 1962), «Паварот ключа» («Уладальнік ключоў») М.​Кундзеры (1963), «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра (1964), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1965).

Літ.:

Баландин Л.А. В театр влюбленные. Новосибирск, 1981;

Бурьян Б.И. Судьба чужая — как своя. Мн., 1982.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 553

РЭДО́Н ((Redon) Адылон) (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),

французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.​Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.​Л.​Жэрома. Зазнаў уплыў Р.​Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.

А.Рэдон. Заплюшчаныя вочы. 1890.

т. 13, с. 553

РЭДУКАВА́НЫЯ ГАЛО́СНЫЯ,

1) звышкароткія галосныя сярэдняга пад’ёму, якія ўзніклі ў праславянскай мове з індаеўрап. i і u. У праслав. мове мелі статус фанем, але вызначаліся кароткім і слабым гучаннем. Абазначаюцца кірылічнымі знакамі ъ (рэдукаваны непярэдняга раду) і ь (рэдукаваны пярэдняга раду). Ва ўсіх слав. мовах Р.г. страціліся; у 10 — сярэдзіне 13 ст. адбылося т.зв. падзенне рэдукаваных праз знікненне гэтых галосных ці праз іх трансфармацыю ў галосныя поўнага ўтварэння. Знікненне Р.г. адбылося ў слабых пазіцыях — на канцы слоў, перад складам з галосным поўнага ўтварэння, перад складам з Р.г. ў моцнай пазіцыі (стараслав. «дымъ» — бел. «дым», стараслав. «пътица» — рус. «птица»). У моцных пазіцыях — пад націскам ці перад складам са слабым Р.г. — рэдукаваныя праясніліся ў розныя галосныя поўнага ўтварэння (стараслав. «сънъ» — бел. «сон», польск. «sen», сербскае «сан», балг. «сън»). Падзенне рэдукаваных уздзейнічала на фанетыку і марфалогію слав. моў.

2) Галосныя, якія пры маўленні падпалі пад рэдукцыю (рус. «книга» [книгъ]).

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 13, с. 553

РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),

1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.

2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).

Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).

т. 13, с. 553