РЭДО́Н ((Redon) Адылон) (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),
французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.Л.Жэрома. Зазнаў уплыў Р.Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.