Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕДАВІКО́ВЫ РЭЛЬЕ́Ф, гляцыяльны рэльеф,

тыпы і формы зямной паверхні, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці мацерыковых і горных ледавікоў і іх расталых вод. Л.р. разам з ледавіковымі адкладамі ўтварае ледавіковы комплекс. Адрозніваюць экзарацыйны і ледавікова-акумулятыўны тыпы Л.р. Да экзарацыйнага адносяцца формы рэльефу, утвораныя ў цвёрдых горных пародах («барановы лбы», «кучаравыя» скалы), гарах (трогі, кары і рыгелі), рыхлых адкладах (ледавіковыя лагчыны). Ледавікова-акумулятыўны тып рэльефу ўтвараюць марэнныя, водналедавіковыя (флювіягляцыяльныя) і азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) раўніны і нізіны, зандры, а таксама краявыя ледавіковыя ўтварэнні (канцова-марэнныя ўзвышшы і грады), тэрасы, камы, озы, гляцыякарставыя (тэрмакарставыя) западзіны і катлавіны (запоўненыя і незапоўненыя вадой) і інш. На Беларусі пераважае ледавікова-акумулятыўны рэльеф. Найб. выразна ён захаваўся ў паўн. ч. ў межах пашырэння апошняга паазерскага зледзянення (каля 20—15 тыс. гадоў назад). Гл. таксама Марэнны рэльеф.

А.Ф.Санько.

т. 9, с. 185

ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,

адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.

т. 9, с. 185

ЛЕДАКО́Л,

судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца яго спец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.

Л. бываюць марскія, у т.л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс. т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л.атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.

Літ.:

Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;

Безопасность плавания во льдах. М., 1993.

Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).

т. 9, с. 185

ЛЕДАРЭ́З,

частка апоры моста, быка плаціны, шлюза-рэгулятара або асобная канструкцыя перад апорамі для аховы іх у час ледаходу і папярэджання затораў. Мае нахіленую ці вертыкальную верхавую грань, накіраваную супраць цячэння, якая ламае лёд і накіроўвае яго абломкі ў пралёты моста (плаціны). Бываюць бетонныя, жалезабетонныя і драўляныя.

Ледарэз (1) на апоры моста (2).

т. 9, с. 185

ЛЕДАСПА́Д,

ледалом, участак ледавіка, разбіты глыбокімі трэшчынамі на асобныя глыбы рознай формы і памеру. Утвараецца ў месцах стромкага перагібу падоўжнага профілю ложа ледавіка, дзе павялічваецца скорасць руху масіву лёду, што выклікае расколы.

т. 9, с. 186

ЛЕДАСТА́Ў,

працэс утварэння на паверхні вадаёма і вадасцёка нерухомага ледзянога покрыва. Таксама перыяд, на працягу якога назіраецца нерухомае ледзяное покрыва на рацэ, вадаёме. Гл. Лядовы рэжым.

т. 9, с. 186

ЛЕДАЎСКА́Я (Таццяна Міхайлаўна) (н. 21.5.1966, г. Шчокіна Тульскай вобл., Расія),

бел. спартсменка (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1989). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1991). З 1999 ст. трэнер нац. каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы. Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул) у эстафеце 4 × 400 м, сярэбраны прызёр у бегу на дыстанцыі 400 м з бар’ерамі. Чэмпіёнка свету (1991) у бегу на 400 м з бар’ерамі і ў эстафеце 4 × 400 м, Еўропы (1990) у бегу на 400 м з бар’ерамі і сярэбраны прызёр у эстафеце 4 χ 400 м. Чэмпіёнка СССР (1988—90); шматразовая чэмпіёнка і рэкардсменка Беларусі.

т. 9, с. 186

ЛЕДЗЯНА́Я ГАРА́,

тое, што айсберг.

т. 9, с. 186

ЛЕДЗЯНА́Я ПУСТЫ́НЯ,

разнавіднасць халоднай пустыні з вельмі нізкімі т-рамі паветра ў раёнах Арктыкі і Антарктыды, а таксама ў гляцыяльна-нівальным поясе высокіх гор. Пераважаюць ледавікі; бедная разрэджаная расліннасць (накіпныя лішайнікі і імхі) трапляецца на свабодных ад лёду ўчастках сушы, у т. зв. аазісах.

т. 9, с. 186

ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,

ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.

т. 9, с. 186