Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕРВЕ́ЛЬ,

гл. ў арт. Маркоўнік.

т. 8, с. 237

КЕ́РВІН ((Kervin) Джозеф) (н. 1932),

касманаўт ЗША. Д-р медыцыны, капітан 1-га рангу ВМС ЗША. Скончыў каледж «Холі Крос» у Вустэры (1953), Паўн.-Зах. ун-т (1957, г. Чыкага), школу ваен.-марской авіяц. медыцыны. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Ч.Конрадам здзейсніў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 1-га экіпажа), у час якога выходзіў у адкрыты космас. Працягласць палёту 28,03 сут.

т. 8, с. 237

КЕРГЕЛЕ́Н (Kerguelen),

падводны хрыбет на Пд Індыйскага ак., які раздзяляе Аўстрала-Антарктычную і Афрыканска-Антарктычную катлавіны. Даўж. 2600 км. Шыр. да 950 км. Пераважныя глыбіні над хрыбтом 1000—2000 м, найменшая — 73. Найб. прыўзнятыя вяршыні ўтвараюць астравы архіпелага Кергелен, самы вялікі з іх Кергелен і Херд. К. — глыбавае падняцце акіянічнага дна, месцамі з надбудаванымі вулканічнымі формамі. Складзены пераважна з базальтаў. Вулканічна актыўны. Адкрыты ў 1929—31 аўстрал. экспедыцыяй Д.Моўсана.

т. 8, с. 237

КЕРГЕЛЕ́Н (Kerguelen),

архіпелаг вулканічных астравоў у паўд. ч. Індыйскага ак., у Антарктыцы. Тэр. Францыі. Найб. в-аў Кергелен і каля 300 дробных (вяршыні падводнага хр. Кергелен). Агульная пл. каля 7 тыс. км². Пласкагор’і (выш. 300—600 м) з асобнымі вулканічнымі вяршынямі выш. да 1965 м. На в-ве Кергелен ледавікі (пл. каля 500 км²), Клімат субантарктычны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Бедная травяністая расліннасць. Частка рэзервата Антарктык-Франсэз. Навук. станцыя Порт-о-Франсэ (з 1950). Названы ў гонар франц. мараплаўца І.Ж. дэ Кергелен Трэмарэка, які адкрыў асн. востраў архіпелага ў 1772.

т. 8, с. 237

КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

КЕ́РЗІН (Міхаіл Аркадзевіч) (28.3.1883, С.-Пецярбург — 19.9.1979),

бел. скульптар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Праф. (1950). Скончыў Пецярбургскую АМ (1912). Выкладаў у Веліжскай маст. школе (1918—23) і Віцебскім маст. тэхнікуме (1923—32). З 1932 у Мінску. З 1949 у Ленінградзе (выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры). Творам уласціва высокая культура формы, дасканаласць мадэліроўкі, адухоўленасць вобраза: партрэты Л.Собінава (1917), Г.Грыгоніса (1941), Г.Глебава (1949), барэльеф «Пладаводства» («Памона прышчэплівае яблыню», 1913—14), кампазіцыя «Вечная памяць героям, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму» (1947) і інш.

М.Керзін. Вечная памяць героям, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму. 1947.

т. 8, с. 238

КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),

антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.

т. 8, с. 238

КЕ́РКІРА (Kerkyra),

Корфу, востраў у Іанічным м., у групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 592 км². Нас. (з прылеглымі астравамі) 105 тыс. чал. (1991). Паверхня — узгорыстыя раўніны і нізкагор’і (выш. да 906 м). Складзены з вапнякоў і сланцаў. Міжземнаморскі хмызняк (маквіс). Плантацыі цытрусавых, аліўкавыя гаі, вінаграднікі. Кліматычныя (зімовыя) курорты. Гал. горад і порт — Керкіра.

т. 8, с. 238

КЕ́РМА,

фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІгрэй.

т. 8, с. 238