Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),

музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.

Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.

У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Р.​Сурус, М.​Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.​Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.​Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел. нар. інстр. музыцы.

т. 13, с. 406

РОП (Ropp) Эдвард фон

(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),

рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з роду Плятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй ў Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.

Літ.:

Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел. гіст. часоп. 1994. № 3;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 406

РО́РЭР ((Rohrer) Генрых) (н. 6.6.1933, Бухс, Швейцарыя),

швейцарскі фізік. Чл. Швейц. акадэміі тэхн. навук (1988). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1988). Скончыў Швейц. тэхнал. ін-т у Цюрыху (1955). З 1963 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс карпарэйшэн». З 1997 у н.-д. установах Іспаніі і Японіі. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы цвёрдага цела, мультыкрытычных з’явах, сканіруючай тунэльнай мікраскапіі, нанамеханіцы. Стварыў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.​Бінігам), што дало пачатак новай галіне навукі — нанатэхналогіі. Нобелеўская прэмія 1986 (з Бінігам).

Тв.:

Рус. пер. — Растровый туннельный микроскоп (разам з Г.​Бінігам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;

Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Рорэр.

т. 13, с. 406

РОС,

назва ўсходнеславянскіх плямён, якая сустракаецца ў візант. і араб. аўтараў.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Джэймс Кларк) (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Джэры) (н. 20.1.1948, г. Краўн-Пойнт, штат Індыяна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў ун-т Перд’ю (1970). З 1980 ў групе касманаўтаў НАСА.

Здзейсніў 6 касм. палётаў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 27.11—3.12.1985, 2—6.12.1988 і 5—11.4.1991 — на КК «Атлантыс», 24.4—8.5.1993 — на КК «Калумбія», 12—20.11.1995 — на КК «Атлантыс» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Мір»), 4—16.12.1998 — на КК «Індэвар» (стыкоўка з Міжнар. касм. станцыяй). У космасе правёў 47,2 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 44,2 гадз.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),

англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.

А.​Ю.​Маніна.

Р.Рос.

т. 13, с. 407

РОС, РО́СА, іншыя назвы р. Рось.

т. 13, с. 407

РО́СА ((Rosso) Медарда) (20.6.1858, г. Турын, Італія — 31.3.1928),

італьянскі скульптар; прадстаўнік імпрэсіянізму. Працаваў у Мілане і Венецыі, з 1886 пераважна ў Парыжы. Аўтар шматфігурных кампазіцый і партрэтаў дзяцей, у якіх імкнуўся перадаць зменлівасць натуры, надаць пластыцы жывапісную аморфнасць і цякучасць, выявіць мяккасць аб’ёмаў і светлавую ўспрымальнасць фактуры: «Залаты век» (1886—87), «Дзяўчынка смяецца», «Мацярынства» (абедзве 1889), «Жанчына пад вуаллю» (1893), «Ecce Puer» (1906) і інш.

М.Роса. Ecce Puer. 1906.

т. 13, с. 407

РО́САС ((Rosas) Хуан Мануэль дэ) (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.

т. 13, с. 407