РОД,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог, родапачынальнік жыцця. Увасабляў адзінства старажытнаслав. роду і дух продкаў, шанаваўся як апякун сям’і і дома. Узгадваўся ўслед за гал. язычніцкімі багамі разам з жаночымі божаствамі — рожаніцамі, якія вызначалі працяг роду і долю нованароджаных. Р. і рожаніцам прыносілі ахвяры ежай (кашамі, хлебам, сырамі) і пітвом (мёдам).
т. 13, с. 392
РОД (genus) у біялогіі, асноўная надвідавая катэгорыя біял. класіфікацыі, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя віды з улікам іх эвалюц. паходжання. Навук. назва Р. абазначаецца адным лац. словам (т.зв. унінамінальная назва). Напр., розныя віды нерп (байкальская, каспійская, кольчатая) аб’ядноўваюць у Р. нерп (Pnsa), розныя віды бярозы (каменная, павіслая і інш.) — у Р. бяроза (Betula). Некат. Р. складаюцца з 1 віду (манатыпныя), большасць Р. аб’ядноўвае сотні ці тысячы відаў (у раслін. насякомых). Асабліва блізкія віды ўтвараюць падроды. Некалькі падродаў складаюць прамежкавую катэгорыю — трыбу; трыбы ў сваю чаргу групуюцца ў падсямействы, якія складаюць сямейства. У палеабатаніцы, акрамя звычайнага Р., вылучаюць яшчэ орган-Р. і фармальныя Р. Гл. таксама Сістэматыка.
т. 13, с. 392
РОД у гісторыі,
супольнасць кроўных сваякоў, якія вядуць паходжанне ад агульнага продка (часам легендарнага) і маюць пэўныя агульныя сац., паліт., эканам., рэліг. інтарэсы. Мае вял. значэнне ў традыц. грамадствах. У феад. Беларусі роднасць вялася па мужчынскай лініі. Само паняцце «Р.» мела сэнс толькі ў дачыненні да вышэйшых пластоў грамадства (князёў, шляхты, духавенства і інш.). Члены шляхецкага Р. карысталіся агульным прозвішчам (канчаткова ўсталяваліся ў 16 ст.) і агульным гербам (уведзены Гарадзельскім прывілеем 1413 для католікаў, на праваслаўных пашыраны Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434). Прызнаваліся агульныя юрыд. правы і абавязкі шляхецкіх Р., якія спачатку неслі агульную адказнасць перад законам. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір устанавіў індывідуальную адказнасць шляхціцаў за злачынствы. Р. захоўвалі права выкупу сваіх родавых маёнткаў (вотчын) з рук пабочных асоб. У ВКЛ існавала каля 50 магнацкіх Р., члены іх мелі буйныя зямельныя ўладанні і займалі вышэйшыя дзярж. пасады (міністэрскія і сенатарскія). Значныя Р. аб’ядноўваліся вакол агульных паліт. інтарэсаў і ўтваралі своеасаблівыя партыі («фамілія» Чартарыйскіх, пратэстанцкая і каталіцкая лініі Радзівілаў, Сапегаў). З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. шляхецкія Р. страцілі паліт. ўплыў, а з развіццём капіталістычных адносін у 19 ст. зніклі як супольнасці з агульнымі эканам. інтарэсамі. У Рас. імперыі ўрад вёў улік членаў дваранскіх Р. (гл. Радаводныя кнігі), якія карысталіся пэўнымі сац.-эканам. прывілеямі.
т. 13, с. 393
РОД у мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, якая з’яўляецца адной з важнейшых класіфікацыйных адзнак назоўнікаў і сродкам выражэння прадметнасці іх значэння.
У сучаснай бел. мове кожны назоўнік належыць да аднаго з трох Р.: мужчынскага, жаночага або ніякага, акрамя тых, што ўжываюцца толькі ў мн. л. («граблі», «канікулы»; іх або не адносяць ні да якога Р., або да своеасаблівага «парнага» Р.). Частка адушаўлёных назоўнікаў, якія могуць абазначаць асоб. і мужчынскага, і жаночага полу, адносіцца да т.зв. агульнага Р. («суддзя», «запявала»). Некат. назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага Р. адной родавай формай («таварыш», «аграном»), Р. нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца сінтаксічна — формамі дапасаваных азначэнняў («наш аташэ», «наша інжэню»). Прыметнікі, некат. лічэбнікі і займеннікі, дзеясловы, дзеепрыметнікі набываюць родавыя адрозненні ў дапасаванні да назоўнікаў («хрусталёвая люстра», «сваё амплуа»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 393
РО́ДАВАЯ ТРА́ЎМА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,
пашкоджанне органаў і тканак плода пры родах. У выніку бывае кефалагематома (паднадкоснічнае кровазліццё ў вобласці касцей чэрапа, часцей цемянных), крывашыя, пералом ключыцы і інш. касцей (рук, ног), пашкоджанне тварнага нерва (асіметрыя твару), вялы параліч рукі. Найб. небяспечныя траўмы спіннога мозга і ц. н. с., якія ўзнікаюць часцей на фоне асфіксіі плода і ў выніку мех. пашкоджанняў (могуць прывесці да інваліднасці і парушэння разумовага развіцця). Большасць відаў траўмаў праходзіць бясследна. Прафілактыка: ахова здароўя цяжарнай жанчыны, правільнае правядзенне родаў. Лячэнне спецыфічнае.
І.У.Дуда.
т. 13, с. 394
РО́ДАМЛЯ,
возера ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 33 км на Пн ад г. Крупкі. Пл. 0,42 км², даўж. 1,38 км, найб. шыр. 320 м, даўж. берагавой лініі 2,95 км. Схілы катлавіны выш. да 4 м, параслі хмызняком, на У на невял. участку разараныя. Дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Югна.
т. 13, с. 394
РО́ДАС (Rhodos),
востраў у Эгейскім м., каля ўзбярэжжа Малой Азіі; найб. ў групе астравоў Паўд. Спарады. Тэр. Грэцыі. Пл. 1404 км². Берагі слаба расчлянёныя. Выш. да 1215 м (г. Атавірас). Складзены пераважна з вапнякоў і мармураў. Характэрны горы, укрытыя міжземнаморскімі лясамі, і ўзгоркі, парослыя хмызнякамі. Вырошчванне збожжавых, цытрусавых, вінаграду, маслін; аліўкавыя гаі. Рыбалоўства, лоў губак. Р. — цэнтр стараж.-грэч. культуры. Помнікі ант. і сярэдневяковай архітэктуры. Курорты. Гал. горад і порт — Родас.
т. 13, с. 394
РО́ДАЎ (Сямён Абрамавіч) (24.1.1893, г. Херсон, Украіна —24.5.1968),
рускі паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Адзін з рэдактараў час. «На посту» (1923—25), адначасова адказны сакратар Маскоўскай (1923—24), у 1924—26 Усерас. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1912. Аўтар паэт. зб-каў «Мая сяўба» (1918), «Перабежка бліскавіц» (1921), «Стальны строй» (1923), паэм «Іна», «Нашы душы» (абедзве 1922), зб-каў арт. «Арганізацыя пралетарскай літаратуры» (1925), «У літаратурных баях» (1926), «На пасту» (1931). На рус. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, М.Паслядовіча, Э.Самуйлёнка, А.Якімовіча.
А.С.Малінін.
т. 13, с. 394
РО́ДБЕЛ ((Rodbell) Марцін) (н. 1925),
амерыканскі фізіёлаг. З 1958 дырэктар Ін-та вывучэння навакольнага асяроддзя ў Нац. ін-це здароўя. У 1970-я г. даказаў, што гармоны перадаюць інфармацыю (сігнал) адпаведным клеткам пры дапамозе 3 незалежных кампанентаў клетачнай абалонкі: спец. рэцэптараў, перадатчыкаў (пасрэднікаў), узмацняльнікаў (перадатчык бывае актыўны толькі ў прысутнасці адпаведнага носьбіта энергіі; ён ідэнтыфікаваны амер. фізіёлагам А.Гілманам як бялок G). Высветліў ролю G-бялкоў у малекулярных механізмах узнікнення шэрагу інфекц. хвароб (халеры, коклюшу і інш.). Нобелеўская прэмія 1994 (разам з Гілманам).
А.Ю.Маніна.
т. 13, с. 394
РО́ДЖЭРС ((Rodgers) Рычард) (28.6.1902, Нью-Йорк — 31.12.1979),
амерыканскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў жанру мюзікл. Ганаровы чл. Нац. ін-та мастацтваў і л-ры (1955). Скончыў Калумбійскі ун-т (1921) і Ін-т муз. мастацтва (1923, Нью-Йорк). Супрацоўнічаў з лібрэтыстамі Л.Хартам (з 1918), О.Хамерстайнам (1943—60), харэографам Дж.Баланчыным. Сярод найб. значных твораў (усяго больш за 40): «Аклахома!» (1943), «Карусель» (1945), «Паўднёвы Ціхі акіян» (1949), «Кароль і я» (1951), «Гукі музыкі» (1969), «Ці чую я вальс?» (1965), «Рэкс» (1976). Шматлікія з яго твораў экранізаваны, а песні з мюзіклаў набылі шырокую папулярнасць. Аўтар музыкі да кінафільмаў, тэле- і радыёпастановак. Яго творчасці прысвечаны фільм «Словы і музыка». Прэміі Пуліцэра 1944, 1950.
Я.З.Басін.
т. 13, с. 394