Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́ШЧЫН (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 10.2.1933, г. Казань, Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1958). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Драматург» (1993, з А.​Казанцавым). Друкуецца з 1952. Аўтар п’ес «Валянцін і Валянціна» (1971, экранізавана ў 1985), «Стары Новы год» (1973), «Рамонт» (паст. 1975), «Муж і жонка ноймуць пакой», «Эшалон» (абедзве 1975), «Спяшайцеся рабіць дабро» (паст. 1979), «Дружына» (1987), прысвечаных складаным псіхал. і маральным калізіям сучаснага жыцця, антымілітарысцкай п’есы «Рэпетыцыя «Лісістраты» (1989), аповесцей «Рака» (1973), «Успамін» (1977), «Шура і Прасвірняк» (1982), зб-каў аповесцей і апавяд. «У маленькім горадзе» (1956), «Якіх-небудзь дваццаць мінут» (1965), «З раніцы да ночы» (1968), літ.-крытычных артыкулаў і інш. У т-рах Беларусі паст. яго п’есы «Муж і жонка ноймуць пакой» (1976; Дзярж. рус. драм. т-р), «Стары Новы год» (1974), «Эшалон» (1976; абедзве Бел. т-р імя Я.​Купалы), «Уся надзея» (1986), «Успаміны» С.​Міціна паводле Р. (1988; абедзве Бел. т-р юнага гледача).

Тв.:

Избранное: Повести и рассказы. М., 1988;

Спешите делать добро: Пьесы. М., 1984;

На сером в яблоках коне: Рассказы и повести. М., 1988;

Иван Бунин. М., 2000.

т. 13, с. 414

РО́ШЧЫН-ІНСА́РАЎ (сапр. Пашэнны) Мікалай Пятровіч

(1861, Ардатаўскі р-н, Мардовія — 20.1.1899),

рускі акцёр. Бацька В.​М.​Пашэннай. На сцэне з 1883. У 1884—89 працаваў у Т-ры Корша ў Маскве, з 1895 — у Т-ры Салаўцова ў Кіеве. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.​Талстога), Іванаў, Трыгорын («Іванаў», «Чайка» А.​Чэхава), Барыс Гадуноў («Смерць Іаана Грознага», «Цар Барыс» А.​К.​Талстога) і інш.

Літ.:

Дорошевич В.М. Рошин-Инсаров // Дорошевич В.М. Рассказы и очерки. М., 1966.

т. 13, с. 414

РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),

нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.

т. 13, с. 415

РОШ-ХАША́НА,

іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.

т. 13, с. 414