РО́АМ (Абрам Мацвеевіч) (28.6.1894, Вільня — 26.7.1976),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1950). Нар. арт. Расіі (1965). Вучыўся ў Петраградскім псіханеўралагічным ін-це, Саратаўскім ун-це. З 1919 рэжысёр т-раў у Саратаве, з 1923 Т-ра Рэвалюцыі ў Маскве. У 1924—34 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. Першы фільм — «Што гаворыць «Мос», гэтае адгадай пытанне» (1924). Паставіў фільмы: «Бухта смерці» (паводле апавядання А.Новікава-Прыбоя «У бухце «Атрада»Х «Здраднік» (паводле апавядання Л.Нікуліна «Матроская цішыня», абодва 1926), «Трэцяя Мяшчанская» (1927), «Прывід, які не вяртаецца» (1930, паводле навелы А.Барбюса «Спатканне, якое не адбылося»), «Нашэсце» (1945, паводле Л.Лявонава; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Гранатавы бранзалет» (1965, паводле А.Купрына), «Кветкі запозненыя» (1970, паводле А.Чэхава), «Дачасны чалавек» (1972, паводле п’есы М.Горкага «Якаў Багамолаў»). Фільмы адметныя вострай трактоўкай маральных праблем, псіхалагізмам, высокай акцёрскай і выяўл. культурай. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Гращенкова И. А.Роом. М, 1977.
т. 13, с. 388
РО́АНАК (Roanoke),
рака на У ЗША. Даўж. 725 км, пл. басейна 25 тыс. км². Вытокі на зах. схілах Блу-Рыдж (сістэма Апалачаў), цячэ па плато Підмант і Прыатлантычнай нізіне, упадае ў зал. Албемарл Атлантычнага ак. Сярэдні гадавы расход вады 230 м³/с. ГЭС. Суднаходная ў нізоўях.
т. 13, с. 388
РО́АНАК (Roanoke),
горад на У ЗША, на р. Роанак, у штаце Віргінія. Засн. ў 1740. 93,7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць; хім. (вытв-сць штучных і сінт. валокнаў), шынная, тэкст., харч., аўтазборачная, металаапрацоўчая.
т. 13, с. 388