Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РОС,

назва ўсходнеславянскіх плямён, якая сустракаецца ў візант. і араб. аўтараў.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Джэймс Кларк) (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Джэры) (н. 20.1.1948, г. Краўн-Пойнт, штат Індыяна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў ун-т Перд’ю (1970). З 1980 ў групе касманаўтаў НАСА.

Здзейсніў 6 касм. палётаў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 27.11—3.12.1985, 2—6.12.1988 і 5—11.4.1991 — на КК «Атлантыс», 24.4—8.5.1993 — на КК «Калумбія», 12—20.11.1995 — на КК «Атлантыс» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Мір»), 4—16.12.1998 — на КК «Індэвар» (стыкоўка з Міжнар. касм. станцыяй). У космасе правёў 47,2 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 44,2 гадз.

т. 13, с. 406

РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),

англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.

А.​Ю.​Маніна.

Р.Рос.

т. 13, с. 407

РОС, РО́СА, іншыя назвы р. Рось.

т. 13, с. 407

РО́СА ((Rosso) Медарда) (20.6.1858, г. Турын, Італія — 31.3.1928),

італьянскі скульптар; прадстаўнік імпрэсіянізму. Працаваў у Мілане і Венецыі, з 1886 пераважна ў Парыжы. Аўтар шматфігурных кампазіцый і партрэтаў дзяцей, у якіх імкнуўся перадаць зменлівасць натуры, надаць пластыцы жывапісную аморфнасць і цякучасць, выявіць мяккасць аб’ёмаў і светлавую ўспрымальнасць фактуры: «Залаты век» (1886—87), «Дзяўчынка смяецца», «Мацярынства» (абедзве 1889), «Жанчына пад вуаллю» (1893), «Ecce Puer» (1906) і інш.

М.Роса. Ecce Puer. 1906.

т. 13, с. 407

РО́САС ((Rosas) Хуан Мануэль дэ) (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.

т. 13, с. 407

РО́СА МО́РА (Ross Sea),

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды, паміж мысамі Адэр і Колбек. Пл. 440 тыс. км². Найб. глыб. 2972 м. Паўд. ч. мора ўкрыта шэльфавым ледавіком Роса, паўн. — круглы год плывучымі льдамі; шмат айсбергаў. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні ніжэй за -1 °C, летам зрэдку павышаецца да 2 °C. Салёнасць 33,75—34,4‰. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца цюлень Роса, цюлень Уэдэла, цюлень-крабаед, кіты. Названы імем Дж.​К.​Роса.

т. 13, с. 407

РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),

найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс. км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.

т. 13, с. 407

РО́СІ (Карл Іванавіч) (29.12.1775, С.-Пецярбург — 18.4.1849),

рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму, адзін са стваральнікаў рус. ампіру. З 1796 пам. арх. В.​Ф.​Брэны. У 1802—03 вучыўся ў Італіі. Працаваў пераважна ў Маскве (пабудовы не захаваліся) і Пецярбургу (з 1816 адзін з гал. архітэктараў К-та для будавання і гідраўлічных работ). Стварыў шэраг манум. ансамбляў Пецярбурга, якія ў многім вызначылі аблічча яго цэнтра: палацава-паркавы комплекс на Ялагіным в-ве (1818—22), Міхайлаўскі палац (1819—25, праекты інтэр’ераў, у т. л. Белая зала; цяпер будынак Рускага музея), ансамблі Міхайлаўскіх плошчы (цяпер Мастацтваў) і вуліцы (цяпер Бродскага), на Дварцовай плошчы — ансамбль Гал. штаба і міністэрстваў (1819—29) з двайной праезнай аркай (у завяршэнні манум. калясніца). У 1816—34 стварыў ансамбль Александрынскага т-ра, у складзе якога Тэатральная вул. (цяпер Дойліда Росі), плошчы Александрынская (цяпер Астроўскага) і Чарнышова (цяпер Ламаносава). Сфарміраваў аблічча Сенацкай пл. з будынкамі Сената і Сінода (1828—34), злучаных аркай. Сярод інш. твораў: павільёны Анічкавага палаца (1817—18) у Пецярбургу, б-ка палаца (1822—24) і чыгунныя вароты з агароджай (1826) у Паўлаўску, званіца Юр’ева манастыра (1838—41) у Ноўгарадзе; аформіў галерэю Айч. вайны 1812 у Зімнім палацы (1826; пасля пажару 1837 адноўлена В.​П.​Стасавым). Творчасць Р. адметная шырынёй у вырашэнні арх. задач (ад планіроўкі буйных ансамбляў да дэтальнай распрацоўкі ўбрання інтэр’ераў), выразнасцю і багаццем ордэрных кампазіцый, гарман. спалучэннем арх. форм з алегарычнай скульптурай, наватарскімі канстр. прыёмамі.

Літ.:

Тарановская М.З. К.​Росси. Л., 1980.

А.​А.​Воінаў.

К.І.Росі.

т. 13, с. 407