Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́ЖА ў чалавека,

інфекцыйная хвароба з вострым запаленнем скуры (радзей слізістых абалонак), ліхаманкай, інтаксікацыяй. Выклікаецца гемалітычным стрэптакокам групы A. Бывае на любым участку скуры, у т. л. на валасістай ч. галавы, палавых органах, слізістых абалонках верхніх дыхальных шляхоў. Праявы Р.: выразна акрэсленыя балючыя ачагі пачырванелай скуры (межы маюць выгляд зубцоў, языкоў полымя), пухіры з вадкасцю, зрэдку кровазліцці. На твары пашыраецца звычайна сіметрычна ў выглядзе крылаў матылька. Зрэдку распаўсюджваецца па ўсім тулаве. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., пры ўскладненнях (абсцэсы, флегмоны) — хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 398

РО́ЖА ў жывёл,

інфекцыйная прыроднаачаговая хвароба, якая выклікаецца бактэрыяй з роду эрызіпелотрыкс. Пашырана ўсюды, хварэюць на Р. найчасцей свінні, ягняты, коні, буйн. раг. жывёла, птушкі, таксама чалавек.

Прыкметы: павышэнне т-ры, адмова ад корму, прыгнечанасць, кан’юнктывіт, запаленне страўніка і кішэчніка, на скуры з’яўляюцца бардова-чырв. плямы. Пры хранічным цячэнні таксама ачагі некрозу, эндакардыт, артрыт, анемія.

т. 13, с. 399

РО́ЖАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,51 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 9,4 м, даўж. берагавой лініі 3,15 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 8 м, на З, Пн і У абразійныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Дно ў прыбярэжнай зоне пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Рака.

т. 13, с. 399

РО́ЖЫН (Мікалай Васілевіч) (29.11.1926, в. Цёмнае Валагодскай вобл., Расія — 12.3.1993),

бел. філосаф. Д-р філас. н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1958). З 1973 у Сакратарыяце ААН (Нью-Йорк, з 1979 Вена). З 1981 у БДУ (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі грамадска-паліт., філас. і эстэт. думкі на Беларусі, еўрап. і амер. філасофіі і этыкі, праблемах развіцця навукі і аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у філас. канцэпцыях Новага і Навейшага часу. Аўтар прац «Праблемы эпістымалогіі навуковых ведаў (Крытычны аналіз сучасных англа-амерыканскіх канцэпцый)» (1992), «Праблемы аб’ектыўнай дакладнасці ведаў у еўрапейскай філасофіі. Ад Дэкарта да сучаснасці» (1993) і інш.

Тв.:

Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг. Мн., 1970;

Неопозитивистская модель анализа научных теорий: принципы и противоречия // Весн. БДУ. Сер. 3. 1988. №2.

т. 13, с. 399

РО́ЖЫНА (Лілія Мікалаеўна) (н. 6.9.1935, Мінск),

бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1993), праф. (1994). Скончыла БДУ (1958). З 1960 у Бел. пед. ун-це (у 1987—97 заг. кафедры). Навук. працы па практычнай псіхалогіі, методыцы выкладання псіхалогіі, псіхал. аспектах успрыняцця мастацтва і ролі мастацтва ў развіцці асобы.

Тв.:

Искусство быть читателем. Мн., 1987;

Художественная литература в курсе психологии. Мн., 1994;

Психологическая коррекция эмоциональной сферы личности. Мн., 1995;

Психология человека в художественных образах. Мн., 1997;

Развитие эмоционального мира личности. Мн., 1999.

т. 13, с. 399