РОД (genus) у біялогіі, асноўная надвідавая катэгорыя біял. класіфікацыі, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя віды з улікам іх эвалюц. паходжання. Навук. назва Р. абазначаецца адным лац. словам (т.зв. унінамінальная назва). Напр., розныя віды нерп (байкальская, каспійская, кольчатая) аб’ядноўваюць у Р. нерп (Pnsa), розныя віды бярозы (каменная, павіслая і інш.) — у Р. бяроза (Betula). Некат. Р. складаюцца з 1 віду (манатыпныя), большасць Р. аб’ядноўвае сотні ці тысячы відаў (у раслін. насякомых). Асабліва блізкія віды ўтвараюць падроды. Некалькі падродаў складаюць прамежкавую катэгорыю — трыбу; трыбы ў сваю чаргу групуюцца ў падсямействы, якія складаюць сямейства. У палеабатаніцы, акрамя звычайнага Р., вылучаюць яшчэ орган-Р. і фармальныя Р. Гл. таксама Сістэматыка.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)