РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),
музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.
Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.
У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Р.Сурус, М.Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел. нар. інстр. музыцы.
т. 13, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)