РОП (Ropp) Эдвард фон

(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),

рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з роду Плятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй ў Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.

Літ.:

Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел. гіст. часоп. 1994. № 3;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)