Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕГРА́Н ((Legrand) Мішэль) (н. 24.2.1932, Парыж),

французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т.л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т.л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.

т. 9, с. 184

ЛЕ́ДА,

спадарожнік Юпітэра. Адлегласць ад Юпітэра каля 11 млн. км, дыяметр каля 10 км. Адкрыты Д.Коўэлам (ЗША, 1974).

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКІ́,

рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн. км2 (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн. км3 (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн. км2, маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл. Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс. км2). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.

Да арт Ледавікі. Далінны ледавік на Паміры.

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКО́ВАЯ ТЭКТО́НІКА,

гл. Гляцыятэктоніка.

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКО́ВАЯ ЭПО́ХА,

тое, што ледавікоўе.

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКО́ВАЯ ЭРО́ЗІЯ, экзарацыя,

разбурэнне ледавіком і ўмерзлымі ў яго абломкамі горных парод свайго ложа. Адбываецца пры росце і прасоўваннях ледавіка. Выклікае здзіранне, драбленне, растрэскванне, адшчапленне парод. Садзейнічае выпрацоўцы многіх форм ледавіковага рэльефу. Працэсы Л.э. на Беларусі абумовілі ўтварэнне гляцыядыслакацый (у т.л. адорвеняў), ледавіковых лагчын, эратычных валуноў, ледавіковай штрыхоўкі, сешчаў, значнай колькасці азёрных катлавін.

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл. Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.

А.Ф.Санько.

т. 9, с. 185

ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЛАГЧЫ́НЫ, лагчыны ледавіковага выворвання і размыву,

выцягнутыя далінападобныя паглыбленні ў рэльефе ложа антрапагенавых адкладаў, утвораныя актыўнымі ледавікамі і напорнымі водамі падледавіковых патокаў. На Беларусі трапляюцца ў паласе канцова-марэнных утварэнняў (напр., у бас. Дняпра і Нёмана). Глыб. лагчын 50—250 м ніжэй узроўню вады ў сучасных рэках, адзнакі макс. заглыбленняў да 120—168 м ніжэй узроўню мора; некаторыя дасягаюць крышт. фундамента і ўразаюцца ў яго да 40 м; даўж. ад соцень метраў да дзесяткаў кіламетраў, шыр. ад 0,5 да 25—30 км. Стромкасць схілаў да 30—35°. Падоўжаны профіль днішчаў няроўны. На дне і на бартах звычайна дыслакацыі, шмат адорвеняў. Ніжняя ч. разрэзу запоўнена гляцыяалювіем, марэннымі адкладамі; верхняя складзена азёрна-ледавіковымі і маладымі ледавіковымі адкладамі. Самыя глыбокія Л.л. ўтвораны беларускім (раннебярэзінскім) і бярэзінскім (познабярэзінскім) ледавікамі. Большасць лагчын аднаўлялася ў час кожнага зледзянення. На асобных участках наследаваны сучаснымі рэкамі. Л.л. з’яўляюцца сховішчамі падземных вод.

Літ.:

Горецкий Г.И. Особенности палеопотамологии ледниковых областей. Мн., 1980;

Нечипоренко Л.А Условия залегания и тектоническая предопределенность антропогенового покрова Белоруссии. Мн., 1989.

В.І.Ярцаў.

т. 9, с. 185

ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,

1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж. зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.

2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.

В.І.Ярцаў.

т. 9, с. 184

ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,

этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.

А.Ф.Санько.

т. 9, с. 185