РА́ДУНЬКА,
рака ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Дзітва (бас. р. Нёман). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 169 км². Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Павіланцы, цячэ па паўн. ускраіне Лідскай раўніны, упадае ў р. Дзітва на У ад в. Талькунцы. Рэчышча ад вусця на працягу 25 км каналізаванае. На рацэ г.п. Радунь.
т. 13, с. 224
РА́ДУША,
вёска ў Чырвонабярэжскім с/с Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на З ад г. Жлобін, 113 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 814 ж., 338 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і чырвонаармейцаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 224
РА́ДУ ВЯЛІ́КІ (Radu cel Mare; ?—1508),
гаспадар Валахіі [1495—1508). Дамогся цэнтралізацыі дзярж. апарата і поўнага падпарадкавання царквы ўладзе гаспадара. Пачаў кнігадрукаванне ў Валахіі (1508), за што празваны Вялікім. Застаючыся васалам Турцыі, завязаў дружалюбныя адносіны з Малдаўскім княствам, Польшчай і Венгрыяй.
т. 13, с. 223
РАДХАКРЫ́ШНАН (Сарвапалі) (5.9.1888, Тырутані, Індыя — 17.4.1975),
індыйскі філосаф, дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Мадраскі ун-т. З 1918 выкладаў у Майсурскім і Калькуцкім ун-тах, з 1931 віцэ-канцлер ун-таў Андхра і Бенарэскага, у 1953—62 канцлер Дэлійскага ун-та. У 1936—52 чытаў лекцыі ў Оксфардскім ун-це. Удзельнік нац.-вызв. руху Індыі. Прыхільнік вучэння М.К.Гандзі. З 1949 пасол Індыі ў СССР. З 1952 віцэ-прэзідэнт, у 1962—67 прэзідэнт Рэспублікі Індыя. Аўтар прац па філасофіі, нар. адукацыі, л-ры і палітыцы. Паводле філас. поглядаў схіляўся да аб’ектыўнага ідэалізму. Распрацаваў сістэму адзінай універсальнай «вечнай рэлігіі», заснаванай на стараж.-інд. рэліг.-філас. традыцыях.
Тв.:
Рус. пер. — Индийская философия. Т. 1—2. М. 1956—57.
т. 13, с. 224
РА́ДЦА райца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксама мясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
І.А.Юхо.
т. 13, с. 224
РА́ДЧАНКА (Зінаіда Фёдараўна) (1839, в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на — 18.3.1916),
бел. фалькларыстка і этнограф. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1887). Збірала фальклор у Гомельскім пав. У прадмове да збору 1888 апісала матэрыяльны побыт сялян, абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Купалле, Каляды, карагоды, жніво, талака і інш.). Запісвала бел. нар. мелодыі, прыказкі. Апубл. больш за 700 бел. нар. песень, у т. л. 180 з напевамі. Першая з даследчыкаў 19 ст. адзначыла двухгалоссе ў спевах беларусаў.
Тв.:
Сборник малорусских и белорусских песен Гомельского уезда, записанных для голоса с аккомпанементом фортепиано. Вып. 1. СПб., 1881;
Гомельские народные песни (белорусские и малорусские). Записаны в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилевской губ. Зинаидой Радченко, с приложением 83 местных пословиц. СПб., 1888;
Сборник малорусских и белорусских народных песен Могилевской губ. Гомельского уезда Дятловицкой волости (180 песен). СПб., 1911.
І.У.Саммевіч.
т. 13, с. 224
РА́ДЧЫЦК,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Столін — в. Фядоры. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 29 км ад чыг. ст. Гарынь. 649 ж., 286 двароў (2001). Філіял раённага спажывецкага т-ва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1841).
т. 13, с. 224
РАДЫЕ..., радыя... (ад лац. radiare выпрамяняць), першая частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыеактыўнасці, радыяцыі (напр., радыебіялогія, радыетэрапія, радыяхімія).
т. 13, с. 224
РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),
адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 224
РАДЫЕАКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
тое, што актывацыйны аналіз.
т. 13, с. 224